Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыпрас: бяру на сябе адказнасьць за пагадненьне, у якое ня веру


Алексіс Цыпрас падчас тэлевыступу 14 ліпеня
Алексіс Цыпрас падчас тэлевыступу 14 ліпеня

Прэм’ер-міністар Грэцыі сутыкнуўся з парлямэнцкай апазыцыяй у сваёй партыі СІРЫЗА, незадаволенай пагадненьнем з замежнымі крэдыторамі.

Алексіс Цыпрас заявіў, што бярэ на сябе адказнасьць за пагадненьне аб выратаваньні Грэцыі, якое краіна выпрацавала з лідэрамі эўразоны 13 ліпеня.

«Я цалкам уяўляю сабе свае абавязкі што да памылак і хібаў і нясу адказнасьць за падпісаньне тэксту, у які ня веру, але абавязаны ажыцьцявіць», — заявіў Цыпрас 14 ліпеня ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню.

«Суровая праўда ў тым, што Грэцыі была навязаная вуліца з аднабаковым рухам», — сказаў ён напярэдадні ключавога галасаваньня ў парлямэнце па праекце закону, неабходнага для пачатку перамоваў па трэцім пляне выратаваньня Грэцыі.

Цыпрас таксама паведаміў, што праграма выратавала краіну ад выхаду з эўразоны і, такім чынам, павінна быць выкананая. Ён дадаў, што выхад Грэцыі з эўразоны разбурыў бы сярэднія і ніжэйшыя клясы насельніцтва.

Законапраект праграмы жорсткай эканоміі, які будзе абмяркоўвацца 15 ліпеня грэцкім парлямэнтам, уключае ў сябе зьмены ў працоўным, пэнсійным і падатковым заканадаўстве. Па ўмовах крэдытораў ён павінен быць прыняты не пазьней за 15 ліпеня.

Раней у аўторак грэцкі ўрад падаў у парлямэнт законапраект праграмы эканоміі, якая будзе абмяркоўвацца сёньня. Толькі пасьля прыняцьця гэтага закону лідэры краінаў эўразоны пачнуць перамовы з Грэцыяй па пляне дапамогі памерам у 86 мільярдаў эўра на 3 гады. Гэта стане ўжо трэцяй праграмай дапамогі Грэцыі на працягу пяці гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG