Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьдзьмуліся імпэрскія шчочкі


Андрэй Піянткоўскі
Андрэй Піянткоўскі

Пра зьмены ў палітыцы Крамля адносна Ўкраіны піша ў блогу на сайце расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Піянткоўскі.

Паваротнай датай у Чацьвёртай сусьветнай вайне праваслаўнага «Рускага сьвету» з бязбожным Захадам стала, нагадаю, 19 красавіка, дзень звароту крамлёўскага парлямэнцёра Фёдара Л. (Фёдара Лук’янава — старшыні Рады па зьнешняй і абарончай палітыцы РФ — РС) з просьбай аб замірэньні — Putin Wants Peaceful Coexistence With the West (Пуцін хоча мірнага суіснаваньня з Захадам). Запытная пазыцыя, прапанаваная Масквой, была гранічна амбіцыйнай — Крымнаш, ЛНР-ДНР укараняецца як ракавая пухліна ў цела Ўкраіны, у якасьці гаранта кантролю Масквы над палітыкай Кіева. Пасьля ўдакладняючых візытаў Ангелы Мэркель у Маскву і Джона Керы ў Сочы 10-11 траўня ўсе гэтыя ідэі былі адпрэчаныя, і Захад рэзка ўзмацніў эканамічны, палітычны, ваенны і юрыдычны ціск на Крэмль і пэрсанальна на яго гаспадара.

У выніку 20 чэрвеня верагодны будучы наступнік Пуціна вымушаны быў падпісаць гістарычную формулу капітуляцыі: «Мы — Моська у параўнаньні са сланом НАТО» — і прыязна памахаць сусьветнай закулісе хвосьцікам. Заканчэньне вайны не здымала, аднак, задачу палітычнага пасьляваеннага ўрэгуляваньня. Як мы памятаем, Фёдар Л. у сваёй доўгай тэлеграме ад 19.04 сьцьвярджаў (cам сябе ўгаворваў?): «Рашэньне па Крыме незваротнае» (the Crimean decision is irreversible). Тым ня менш у заключнай частцы тэксту ён зрабіў пэўныя закладкі. У сэнсавым перакладзе з ангельскай гэта гучала: «Нам усім, калегі, трэба новае палітычнае мысьленьне. Каб перайсьці да разрадкі ў рамках новага мірнага суіснаваньня, Расея і Захад павінны адысьці ад закарэлых пазыцый, зірнуць на праблему незамыленым позіркам. На жаль, Уладзімір Уладзіміравіч пры ўсіх яго велізарных вартасьцях да такога павароту не зусім гатовы».

Фёдар Л. — дасьведчаны і вельмі пасьпяховы царадворац, якому ёсьць што страчваць. І ён ніколі не адважыўся б на падобнае вальтэрьянства, калі б ня быў упэўнены: такімі самымі настроямі прасякнутая практычна ўся пуцінская вярхушка, усе гэтыя 100 сем’яў найбагацейшых чыноўнікаў-бізнэсоўцаў, тое самае асяродзьдзе, у якім Фёдар Л. круціцца і якому ён служыць. Так, усе яны ня супраць панадзімаць імпэрскія шчочкі, усе яны скончаныя крымнашысты. Але фундамэнтальная задача створанай імі пад сябе злачыннай дзяржавы — стварэньне патомнай арыстакратыі і легітымізацыя накрадзенай уласнасьці на Захадзе. А імпэрскія панты — гэта ўжо як атрымаецца, як дадатковыя псыхалягічныя бонусы. Таму яны маюць патрэбу ў разрадцы адносінаў з Захадам, значна больш глыбокай, чым гэта магчыма пры палітычна жывым Пуціне. Нічога асабістага, Уладзімір Уладзіміравіч, проста бізнэс.

Айчынны гістарычны досьвед вучыць, што ў дачыненьні да дыктатара ня можа быць паўтонаў. Апушчаны Пахан — ужо не Пахан па ўсіх законах лягернай зоны. Або Бацька Нацыі альбо... непазьбежнае спаўзаньне да клясычнай формулы «Оказался наш Отец, не отцом, а сукою». Таму пасьля 20 чэрвеня непазьбежным было зьяўленьне новых прапановаў Крамля, у тым ліку і па Крыме. Місія аформіць іх была давераная іншаму крамлёўскаму апэратару, гэтым разам Уладзіміру Ф. (Уладзімір Фралоў, расейскі палітоляг — РС) 6 ліпеня ўсё ў той самай Мoscow Times ён апублікаваў артыкул Will Moscow Push for Settlement in Ukraine (Ці будзе Масква рабіць ціск дзеля ўрэгуляваньня ва Ўкраіне?), у якой укінуў цэлыя дзьве «паражэнчыя» ідэі — новы рэфэрэндум у Крыме пад эгідай АБСЭ і «выкуп» Расеяй Крыму ва Ўкраіны за 100 мільярдаў даляраў.

Бязьлітасны аналіз крамлёўскай зьнешняй палітыкі даў днямі са сваіх ідэалягічных пазыцый расейскага імпэрца актыўны ўдзельнік украінскіх падзеяў Ігар Усеваладавіч Гіркін: «Украіна сілай верне Данбас, а потым і Крым». Я быў уражаны, наколькі супадаюць нашы зь ім ацэнкі псыхалягічных матываў паводзінаў вышэйшых расейскіх кіраўнікоў! Ігар Усеваладавіч — ваенны злачынца са стажам на чвэрць стагодзьдзя, але ён шчыры, прынцыповы і матэрыяльна бескарысьлівы чалавек. Абсалютна ня мае рацыі былы крамлёўскі прапагандыст Мігранян, які лісьліва назваў Пуціна добрым Гітлерам. Гіркін — вось хто патэнцыйна сапраўдны добры рускі Гітлер. А Пуцін перш за ўсё выключна пасьпяховы бізнэсовец, а ўжо толькі потым трошачкі «добры Гітлер». Гэтак жа, як Фёдару Л. і Ксюшы С. (Ксенія Сабчак — расейскі грамадзкі дзеяч і журналістка — РС) яму ёсьць, што страціць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG