Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкамунізацыя футболу ва Ўкраіне: «Ільлічовец» разважае над новай назвай


З прыняцьцем закону, які забараняе прапаганду камунізму, украінскія гарады, вуліцы і нават футбольныя клюбы шукаюць новыя назвы. У прыватнасьці, футбольны клюб «Ільлічовец», названы ў гонар Марыюпальскага заводу імя Ільліча, прапануе ахвотным прагаласаваць на афіцыйным сайце клюбу і выбраць новае імя.

Больш за палову тых, хто ўзяў удзел у апытаньні, падтрымліваюць варыянт «Мэталюрг». У рэйтынгу сымпатый таксама варыянты «ФК Прыазоўе», «ФК Марыюпаль», «Наватар» і «Лякаматыў».

Сярод прапаноў большасьць — старыя назвы клюбу. Футбольная каманда, якую стварылі на Марыюпальскім заводзе, зьмяніла 12 назваў за амаль 80 гадоў існаваньня.

Прэсавы сакратар «Ільлічоўца» Аляксандар Стэльмах распавядае, што вакол назвы клюбу ўжо шмат гадоў ідуць дыскусіі. Зрэшты апытаньні праводзяць, кажа ён, толькі «з азнаямленчай мэтай»: гэта ня значыць, што футбольны клюб неадкладна пераймянуюць, дадае ён.

Паводле прэсавага сакратара, юрысты клюбу цяпер працуюць, каб высьветліць, ці падпадае назва «Ільлічовец» пад закон аб дэкамунізацыі.

«Пакуль казаць складана — закон толькі пачаў дзейнічаць. Таму вельмі шмат нюансаў, вельмі шмат паправак уносіць Вярхоўная Рада. Але клюб павінен быць гатовы да любога разьвіцьця падзеяў», — тлумачыць прадстаўнік «Ільлічоўца».

«Футбольны клюб і завод трапляюць пад закон аб дэкамунізацыі»

Радыё Свабода зьвярнулася да дарадцы па прававых пытаньнях Цэнтра дасьледаваньняў вызваленчага руху Сяргея Рабчанкі, каб высьветліць, ці падпадае «Ільлічовец» пад прыняты закон.

Экспэрт патлумачыў, што і футбольны клюб, і мэталюргічны завод, у гонар якога назвалі каманду, зьмяшчаюць у назьве складнік імя аднаго зь лідэраў камуністычнага Савецкага Саюзу — Уладзіміра Ільліча Леніна.

«У адпаведнасьці з законам, назвы юрыдычных асобаў, якія ўтрымліваюць у сабе імёны вышэйшага кіраўніцтва органаў улады і кіраваньня як Савецкага Саюзу, так і асобных рэспублік, адназначна падпадаюць пад перайменаваньне», — камэнтуе юрыст.

Юрыдычныя асобы мусілі яшчэ 21 чэрвеня змяніць «камуністычныя» назвы

Згодна з законам аб дэкамунізацыі, які ўступіў у сілу 21 траўня 2015 году, адпаведныя юрыдычныя асобы мусілі на працягу месяца зьмяніць назвы. Перарэгістрацыя юрыдычных дакумэнтаў павінна быць, у такім выпадку, бясплатнай, кажа Рабчанка.

Кантраляваць, наколькі ва Ўкраіне выконваецца закон аб дэкамунізацыі, павінна міністэрства юстыцыі і яго прадстаўніцтвы ў абласьцях, кажа юрыст. Таксама пры ведамстве ўжо дзейнічае спэцыяльная камісія, якая высьвятляе: ці падпадае тая або іншая юрыдычная асоба, вуліца або газэта пад адпаведны закон.

Назва «Ільлічовец» нясе ў сабе рэшткі дэструктыўнай ідэалёгіі

Аляксандар Глівінскі, тэлекамэнтатар і прэсавы аташэ нацыянальнай зборнай Украіны па футболе, цалкам падтрымлівае ідэю рэбрэндынгу «Ільлічоўца». Зрэшты, заўважае, што ўсходнія рэгіёны Ўкраіны да гэтага часу крыху «прывязаныя да камуністычных назваў», хоць ужо і ня бачаць у іх сувязі з Ільлічом.

«Я чытаў раней водгукі гульцоў, назва — не самае галоўнае, а галоўнае — вынікі на футбольным полі паказваць. Вынікі важныя, аднак важная і назва, якая нясе ў сабе рэшткі камуністычнай ідэалёгіі, абсалютна ілжывай, дэструктыўнай», — лічыць экспэрт.

Даўно трэба было зьмяніць і назву футбольнага клюбу, і заводу, кажа Глівінскі. Зрэшты варыянт «Мэталюрг», які лідзіруе ў апытаньні, камэнтатару не падабаецца. Ён мяркуе, што, лепш падышла б назва «Азоў», «якой пэўнага гераізму дадаў аднайменны добраахвотніцкі батальён».

Спорт як інструмэнт прапаганды і ўплыву

Спартовы экспэрт дадае, што савецкая ўлада выкарыстоўвала спорт і футбол у прыватнасьці як інструмэнт ідэалягічнага ўзьдзеяньня. Выступленьні ўкраінскіх спартоўцаў падаваліся як посьпехі «савецкага народу» і ідэалёгіі.

Хоць у савецкія часы спорт нароўні з мэдыямі быў інструмэнтам прапаганды, кажа гісторык і футбольны заўзятар Уладзімер Галаўко, цяпер назва «Ільлічовец» не зьяўляецца прапагандысцкай сама па сабе.

«Я ня думаю, што жыхары Марыюпалю, заўзеючы за каманду, заўзеюць за Ўладзімера „Ільліча“ Леніна» — кажа гісторык.

Зрэшты Галаўко дадае, што перайменаваньне — гэта добрых крок з боку людзей, якія валодаюць камандай. Такім чынам, кажа гісторык, «рэгіён ідзе ў нагу з усёй Украінай».

«Калі каманда будзе называцца „Марыюпаль“ або „Мэталюрг“ — гэта нармальна, і тут няма ніякай ідэалягічнай праблемы», — рэзюмуе Галаўко.

Камуністычная ідэалогія ня мае значнага ўплыву на сучасную Ўкраіну

На думку галоўнага рэдактара часопісу «Футбол» Арцёма Франкова, камуністычная ідэалёгія ня мае значнага ўплыву на сучасную Ўкраіну, таму ён ня бачыць істотных падставаў для зьмены назвы. Франкоў ставіцца адмоўна да хвалі дэкамунізацыі, якая пераназывае ня толькі ўкраінскія гарады і вуліцы, але і футбольныя клюбы. Зрэшты, ён дадае, што калі заўзятары падтрымліваюць такі рэбрэндынг каманды — то гэта «народная воля», бо каманды гуляюць менавіта дзеля сваіх прыхільнікаў.

Адзін з варыянтаў будучага імя — «Мэталюрг», якая лідзіруе ў апытаньні, Франкоў называе гістарычнай назвай. Паводле футбольнага экспэрта, яе абраў для клюбу Уладзімер Бойка, які пры жыцьці быў ганаровым прэзыдэнтам «Ільічоўца».

XS
SM
MD
LG