Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагадненьне з Іранам выклікала крытыку многіх амэрыканскіх палітыкаў


Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абвяшчае пра дасягненьне дамоўленасьці з Іранам. Вена, Аўстрыя, 14 ліпеня 2015 году

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры абвяшчае пра дасягненьне дамоўленасьці з Іранам. Вена, Аўстрыя, 14 ліпеня 2015 году

Заканадаўцы-рэспубліканцы і частка дэмакратаў у Кангрэсе ЗША крытыкуюць дамоўленасьць з Іранам, аб дасягненьні якой было абвешчана 14 ліпеня ў Вене.

Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі і частка дэмакратаў у Кангрэсе ЗША скептычна адрэагавалі на складзенае ў аўторак ядзернае пагадненьне «шасьцёркі» з Іранам.

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Джон Бэйнэр назваў пагадненьне «непрымальным» і дадаў: «Калі канчатковы тэкст не адрозьніваецца ад таго, што нам вядома пра дамоўленасьць сёньня, то мы зробім усё, каб яна не прайшла».

«У мяне ёсьць глыбокія сумневы наконт реалізуемасьці дэкляраванай мэты гэтага пагадненьня — прадухіліць стварэньне Іранам ядзернай зброі», — заўважыў старшыня Міжнароднага камітэту Сэнату Боб Коркер.

Гэтыя заканадаўцы гатовыя галасаваць супраць пагадненьня, калі яно паступіць на абмеркаваньне ў Кангрэс. На іх думку, Тэгеран атрымаў па пагадненьні занадта шырокае поле для манэўру, у прыватнасьці, на правядзеньне асобных работ па ўзбагачэньні атамнага паліва. Трывожыць іх і тое, што Іран не абавязаны даваць міжнародным інспэктарам па першым патрабаваньні доступ на свае атамныя аб’екты. Рэспубліканцы, якія балятуюцца ў прэзыдэнты, асудзілі адміністрацыю Абамы, заявіўшы, што яна дазволіла рэжыму аятол кансалідаваць ўладу, замест таго, каб выставіць перашкоды іх ядзерным амбіцыям. «Гэта не дыпляматыя, гэта — супакаеньне агрэсара», — сказаў Джэб Буш.

Аднак, па словах сэнатара-дэмакрата Даян Файнстайн, якая ўзначальвала Камітэт па справах выведвальных устаноў, «варта ўстрымацца ад пасьпешлівых высноў і старанна вывучыць дакумэнт. Наколькі я магу меркаваць, ні на што лепшае, відаць, мы разьлічваць не маглі».

Іншай была рэакцыя кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан: «Гэта важны крок, які спыняе разьвіцьцё ядзернай праграмы Ірана».

Кангрэс мае права на працягу 60 дзён праводзіць слуханьні па пагадненьні. Калі заканадаўцы адхіляць зьдзелку, Абама пагражае накласьці вета на іх рашэньне. Вета прэзыдэнта можна пераадолець двума трацінамі галасоў абедзьвюх палат, што пры цяперашніх суадносінах сілаў паміж партыямі малаверагодна.

Прэзыдэнт ня мае права адмяняць якія-небудзь санкцыі супраць Ірана на час правядзеньня слуханьняў. І калі ў будучыні Кангрэс вырашыць, што Іран не выконвае пагадненьне, то санкцыі, адмененыя прэзыдэнтам, могуць быць адноўленыя заканадаўчым органам.

XS
SM
MD
LG