Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі атрымаў у Варшаве прэмію імя Льва Сапегі ФОТА


Ян Маліцкі і Алесь Бяляцкі. Фота Агнешкі Каміньскай, Польскае Радыё
Ян Маліцкі і Алесь Бяляцкі. Фота Агнешкі Каміньскай, Польскае Радыё

Беларускі праваабаронца, пісьменьнік, публіцыст, былы палітвязень Алесь Бяляцкі меўся атрымаць узнагароду яшчэ ў 2012 годзе, але ня змог, бо тады адбываў турэмны тэрмін.

Дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Ян Маліцкі, уручаючы прэмію, нагадаў, што Алесь Бяляцкі меўся быць не дзясятым, а сёмым ляўрэатам прэміі, аднак у 2012 годзе, калі ўшанаваць прэміяй вырашалі яго, ён быў за кратамі.

Прэмія імя Льва Сапегі прысуджаецца беларусам за выдатныя заслугі ў разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, пабудове незалежнай, дэмакратычнай краіны, якая арыентуецца на эўрапейскія каштоўнасьці, а таксама кіруецца найлепшымі традыцыямі Рэчы Паспалітай двух народаў — беларусаў і палякаў.

Асноўным складнікам прэміі зьяўляецца магчымасьць для ляўрэата цягам навучальнага году займацца дасьледаваньнямі і чытаць лекцыі ў вядомых унівэрсытэтах Польшчы. Па выніках творчай працы ляўрэата пры падтрымцы ўнівэрсытэтаў таксама можа быць выдадзена кніга.

Узнагарода была заснаваная ў 2006 годзе Цэнтрам усходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту і Калегіюмам Усходняй Эўропы з Уроцлаву. 5 польскіх унівэрсытэтаў — Варшаўскі, Кракаўскі, Познаньскі, Уроцлаўскі і Беластоцкі — удзельнічаюць у прысуджэньні прэміі. Прэмія прысуджаецца пад ганаровым патранатам Прэзыдэнта Рэспублікі Польшча.

Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады турмы «за нясплату падаткаў». Інфармацыю пра банкаўскія рахункі кіраванай ім праваабарончай арганізацыі «Вясна 96» здалі беларускім уладам польская пракуратура і літоўскае міністэрства юстыцыі.

Тагачасны міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі назваў гэты крок «вартай пакараньня памылкай» і паабяцаў падвоіць намаганьні на карысьць дэмакратыі ў Беларусі. Зьняволеньне Бяляцкага асудзілі шматлікія заходнія палітыкі і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Бяляцкага ў Беларусі арыштоўвалі больш за 20 разоў. Ад раньняй маладосьці ён удзельнічаў у антыкамуністычных, нацыянал-дэмакратычных, а пасьля і праваабарончых арганізацыях. Апошнімі гадамі быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

За сваю праваабарончую дзейнасьць атрымаў сярод іншага прэмію Леха Валэнсы, прэмію абаронцаў правоў і свабодаў імя Паўла Ўладковіча. У 2006 годзе ўзнагароду «Homo homini» («Чалавек чалавеку») уручыў беларускаму праваабаронцу былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG