Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама вітаў дамову па Іране: «Пагадненьні такога роду не заключаюцца зь сябрамі»


Прэзыдэнт ЗША лічыць, што ў выніку пагадненьня міжнародная супольнасьць зможа кантраляваць, ці не распрацоўвае Іран ядзерную зброю.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама вітаў пагадненьне па іранскай ядзернай праграме, дасягнутае ў Вене. Ён выступіў у Белым доме з спэцыяльнай прамовай з гэтай нагоды.

Паводле прэзыдэнта ЗША, у выніку падпісанага пагадненьня Іран абавязваецца дэмантаваць дзьве траціны ўжо наяўных цэнтрыфуг — мэханізмаў, неабходных для вытворчасьці высокаўзбагачанага ўрану, прыдатнага для стварэньня ядзернай зброі, і зьмясьціць іх у сховішча, пад пастаяннае міжнароднае назіраньне.

Абама паведаміў, што ў бліжэйшае дзесяцігодзьдзе Тэгеран ня будзе выкарыстоўваць свае сучасныя цэнтрыфугі для ўзбагачэньня ўрану. Акрамя таго, Іран пазбавіцца 98 працэнтаў ўжо наяўнага ў яго запасу узбагачанага ўрану. На дадзены момант гэтых запасаў дастаткова для вырабу 10 атамных бомбаў, сказаў ён. У выніку падпісанага пагадненьня гэтая колькасьць узбагачанага ўрану паменшыцца да памеру, дастатковага для вытворчасьці толькі адной боегалоўкі, удакладніў Абама.

Гэтыя абмежаваньні будуць дзейнічаць на працягу 15 гадоў, паведаміў ён.

Прэзыдэнт ЗША паінфармаваў, што Іран пагадзіўся мадыфікаваць актыўную зону свайго ядзернага рэактара ў Араку, каб ён надалей ня быў здольны вырабляць збройны плютоній.

«Адпрацаванае паліва гэтага рэактара будзе вывезена за межы краіны. У бліжэйшыя 15 гадоў Іран абавязваецца не будаваць ніводнага новага рэактара, які працуе на цяжкай вадзе», — паведаміў прэзыдэнт ЗША.

«І, зразумела, у бліжэйшыя 10 гадоў Тэгеран абавязаны цярпліва выконваць усе названыя ўмовы, перш чым зь яго будзе зьняты шэраг санкцый, у тым ліку 5-гадовае абмежаваньне ў галіне звычайных узбраеньняў і 8-гадовае — у галіне балістычных ракет. Міжнародныя інспэктары атрымаюць свабодны пастаянны доступ, 24 гадзіны на дзень, 7 дзён на тыдзень, да ўсіх іранскіх ядзерных аб’ектаў», — паведаміў прэзыдэнт ЗША.

Абама выказаў перакананьне ў тым, што новыя дамоўленасьці цалкам адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў. І таму ён накладзе вета на любое рашэньне Кангрэсу, якое будзе перашкаджаць яго пасьпяховаму выкананьню.

Абама вітаў будучую дыскусію ў Кангрэсе, якая адбудзецца па гэтым пытаньні, і крытыку дэталяў дадзенай дамовы. «Але я нагадваю Кангрэсу, — сказаў прэзыдэнт ЗША, — што пагадненьні такога роду не заключаюцца зь сябрамі».

«Мы праводзілі пагадненьні аб абмежаваньні і кантролі над узбраеньнямі з Савецкім Саюзам, калі гэтая краіна плянавала наша зьнішчэньне, і гэтыя пагадненьні ў канчатковым выніку зрабілі нас больш бясьпечнымі», — заявіў ён.

Паводле прэзыдэнта ЗША, шлях гвалту і жорсткай ідэалёгіі, зьнешняя палітыка, заснаваная на пагрозах нападу на сваіх суседзяў або пагрозы выкараніць Ізраіль — гэта тупік.

«Іншы шлях, шлях талерантнасьці і мірнага ўрэгуляваньня канфліктаў, прыводзіць да большай інтэграцыі ў глябальную эканоміку, большага ўзаемадзеяньня зь міжнароднай супольнасьцю і здольнасьці іранскага народу квітнець. Гэтая дамова дае магчымасьць рухацца ў новым напрамку», — падкрэсьліў ён.

XS
SM
MD
LG