Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому кіраўніку «Крычаўцэмэнташыфэра» далі 10 гадоў калёніі


Год зьняволеньня скасаваны па амністыі — засталося 9.

Былога гендырэктара акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага Крычаўскі раённы суд пакараў дзесяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Цягам пяці гадоў ён ня можа займаць кіроўныя пасады з кантрольна-распарадчымі функцыямі.

Скоцкага прызналі вінаватым у злоўжываньні ўладай і хабарніцтве. Паводле сьледзтва, былы кіраўнік прадпрыемства незаконна завалодаў 214 мільёнамі рублёў.

Затрымалі Леаніда Скоцкага ў верасьні 2013 году ў момант перадачы яму 40 мільёнаў рублёў, сабраных з прэміяў працаўнікам заводу. Сьледзтва выявіла 16 падобных эпізодаў.

У сваім апошнім слове ён даводзіў, што грошы зьбіраліся на прадстаўнічыя мэты

Леанід Скоцкі часткова прызнаў сваю віну. У сваім апошнім слове ён даводзіў, што грошы зьбіраліся на прадстаўнічыя мэты. Паводле Скоцкага, імі пакрываліся выдаткі, якія ішлі на прыём дэлегацыяў, а таксама на замежныя камандзіроўкі, дзе варта было дзеля заключэньня ўгодаў набываць прэзэнты для прадстаўнікоў партнэрскіх арганізацый.

У сваім апошнім слове дзеяньні некаторых сьведак Скоцкі ахарактарызаваў як «крысятніцтва». Ён заявіў, што грошы яны бралі сабе, а паказаньні далі супраць яго.

Экс-кіраўнік прадпрыемства незадаволены тым, як падавалі інфармацыю пра яго і суд над ім некаторыя дзяржаўныя СМІ. Між іншым ён згадаў тэлеканал СТВ і газэту «Советская Белоруссия». Ён зьвінаваціў журналістаў у прадузятасьці, маўляў, зь яго наўмысна рабілі злачынцу.

Леанід Скоцкі зьвяртаўся з просьбай аб памілаваньні да Аляксандра Лукашэнкі, аднак яму было адмоўлена. Першае судовае пасяджэньне адбылося ў актавай залі адміністрацыйнага будынку акцыянэрнага таварыства. Суд дапытаў больш за 145 сьведак.

Незадоўга да затрыманьня 16 жніўня 2013 году Леанід Скоцкі паказваў Аляксандру Лукашэнку новы цэмэнтны завод, які ўзьвялі на кітайскія інвэстыцыі пад Крычавам у вёсцы Каменка. Кіраўнік дзяржавы тады сымбалічна запусьціў новую вытворчасьць і застаўся нібыта задаволены. Тым ня менш прагучала ад яго пагроза на адрас нядобрасумленных пасярэдніцкіх структураў.

«Кіраўнік — у турму. Фірма — ліквідуецца. І больш ён прадпрымальніцтвам займацца ня будзе. Я папярэджваю апошні раз пра гэта публічна, трэці раз. Гэта ж складнік сабекошту. І час ужо гэтае пасярэдніцтва прыкрыць. Мне проста выяўленьня факту і доказу ня трэба. Мне трэба кампэнсацыя шкоды прадпрыемству. Дараваньня за гэта ня будзе, які б вы статус ні займалі».

Фраза, выказаная кіраўніком дзяржавы, наўпрост ня тычылася дзейнасьці Леаніда Скоцкага, аднак празь месяц яго арыштавалі. Судзіла Скоцкага старшыня Крычаўскага раённага суду Алена Азарэнка. Дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе быў пракурор Уладзімер Трывайла.

Кіраўніком акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага прызначылі 30 сьнежня 2011 году. Да гэтага ён працаваў намесьнікам гендырэктара прадпрыемства. Кіраваў рэалізацыяй беларуска-кітайскага інвэстпраекту — будаваў новую лінію па выпуску цэмэнту.

XS
SM
MD
LG