Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых у Мукачаве ўжо чатыры


Патруль у вёсцы каля Мукачава

Патруль у вёсцы каля Мукачава

У генпракуратуры Ўкраіны заяўляюць пра затрыманьне 4 чалавек за ўдзел у «злачыннай арганізацыі і ўчыненьні тэрарыстычных актаў» у Мукачаве. Цяпер рыхтуецца зварот у суд, каб іх зьмясьцілі пад варту.

Прэс-служба пракуратуры ўдакладняе: «Расьсьледаваньнем устаноўлена, што 11 ліпеня ў Мукачаве і на аўтадарозе Кіеў — Чоп група асобаў з шэрагу байцоў „Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу ваенна-палітычнага руху „Правы сэктар““ з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі і выбуховых сродкаў учыніла тэракты, у выніку чаго грамадзянскім асобам і праваахоўнікам нанесены раненьні рознай ступені цяжкасьці».

Чацьвёра затрыманыя былі ў камуфляжы з знакамі адрозьненьня «Правага сэктару», двое зь іх — параненыя і цяпер у шпіталі.

11 ліпеня у Мукачаве ўсчалася страляніна. Паводле мясцовых СМІ, гэта быў канфлікт паміж «Правым сэктарам» і людзьмі з атачэньня дэпутата Вярхоўнай Рады Міхаіла Ланя. Загінулі два чалавекі, параненых — каля дзясятка.

Паводле сілавікоў, у вобласьці працягваецца спэцапэрацыя «па блякаваньні, раззбраеньні і затрыманьні банды, якая ўчыніла напад на грамадзянскі аб’ект у Мукачаве».

У СБУ завялі чатыры крымінальныя справы — стварэньне злачыннай арганізацыі, тэрарыстычны акт, незаконнае абыходжаньне са зброяй і хуліганства.

12 ліпеня народны дэпутат, сябра калегіі Міністэрства ўнутраных спраў Антон Герашчанка, паведамляў, што двое з заблякаваных пад Мукачавам байцоў «Правага сэктару» здаліся добраахвотна і склалі зброю. Ён заявіў тады, што затрыманыя супрацоўнічаюць зь сіламі антытэрарыстычнага цэнтру і дапамагаюць весьці перамовы зь іншымі заблякаванымі 12 удзельнікамі «Правага сэктару».

У «Правым сэктары» тады паведамілі, што гэтых двух байцоў з кулявымі раненьнямі пераправілі ў лякарню, каб выратаваць іх жыцьці, але пра здачу гаворкі не было.

XS
SM
MD
LG