Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавечае вымярэньне гістарычнага лёсу


Юля Андрусышын у маладосьці.

Юля Андрусышын у маладосьці.

Юля Андрусышын, «Забыцьцю не адданае», Менск, «Лімарыус», 2015.

На першай старонцы сваіх успамінаў Юля Андрусышын (нар. 1932) піша:

«Пасьля адной зь цяжкіх марозных зімаў падчас паводкі суседзкая кароўка ў адным з сарайчыкаў утапілася. Я думаю, што гэта быў 1939 або 1940 год. У гэтым годзе праз моцныя маразы павымярзала вельмі шмат нашых ды суседзкіх дрэваў. Пасьля зімы садок меў вельмі апусьцелы выгляд, бо ў сувязі з надыходам вайны ніякія дрэвы й выгляд навакольля нікога не цікавілі. У гэты год мой бацька, чакаючы на розныя прыродныя небясьпекі, рыхтаваўся абараняцца ад іх ды збудаваў лодку, якая вельмі прыдалася, калі ўсё вакол нашых дамоў было заліта вадою, і бяз лодкі ня можна было ні выбрацца з дому, ні вярнуцца назад.

Аднойчы мой дзядзька Эдвард Шабуня (мамін брат), будучы малым хлапчуком, вылавіў са Сьвіслачы флянс, што плыў па вадзе. Баба Міля сказала, што, на яе думку, гэта яблыня. Пасадзілі яе ў садзе, а гэта аказалася таполя. Яна захавалася да гэтага часу. Мае вялікае шырокае тулава. Па ёй можна пазнаць, дзе стаяў дом, у якім мы жылі перад вайной ды ў вайну, пад нямецкай акупацыяй».

Гэта пра Менск даваеннага часу, дзе Юля Андрусышын нарадзілася і пражыла першыя дванаццаць гадоў свайго жыцьця, і які яна пакінула ў 1944, каб вярнуцца туды толькі праз 45 гадоў. Гэтыя эпізоды прамінулага жыцьця ў прамінулым сьвеце, якія замацаваліся ў дзіцячай памяці настолькі трывала, што можна было іх прыгадаць праз 70 гадоў, надаюць агульна вядомай «хрэстаматыйнай гісторыі» Беларусі дадатковае вымярэньне, больш чалавечае і прыватнае. Ці можна было мець шчасьлівае дзяцінства ў Беларусі ў 1930-х, калі шалеў бальшавіцкі тэрор і тысячы дзяцеў «ворагаў народу» апыналіся ў сталінскіх дзетдомах? Аказваецца, можна. Такім і было дзяцінства Юлі Андрусышынай (тады: Каралёвай), хоць ейныя бацькі разышліся незадоўга пасьля яе нараджэньня.

Яшчэ адзін «нехрэстаматыйны» эпізод, з часу нямецкай акупацыі:

«На другім беразе Сьвіслачы, бліжэй да маста, быў насыпаны ўзгорак, а на ім ці, дакладней, у ім стаяла зэнітка, якую абслугоўвалі нямецкія салдаты. Аднойчы я са сваёй сяброўкай Соняй Паляшчук гулялі на рэчцы. Раптам жаўнеры пачалі нас клікаць, махаючы рукамі. Мы бязь цяжкасьцяў пачалі пераходзіць рэчку, дзе вада была трошкі вышэй за нашыя калені. Жаўнеры далі нам поўны вайсковы кацялок варанай куркі ды знакамі паказалі занесьці гэта дадому, а пазьней прынесьці кацялок ім назад. Пад вечар мы гуртом хадзілі па Садовай набярэжнай (па тры-чатыры асобы). Прыходзіў на шпацыр старэйшы немец-чыноўнік у адмысловай уніформе й прыносіў нам гасьцінцы. Найбольш нам хацелася цукеркаў ды цукру, які выглядаў формаю падобны на куліч, мусілі ім дзяліцца, разьбіваючы на кавалкі. З гэтым немцам заўсёды прыходзіла аўчарка.»

Потым была эвакуацыя зь Менску, жыцьцё пад альянцкімі бамбаваньнямі ў Нямеччыне, пяцігадовы побыт у лягерах перамешчаных асобаў (з адукацыяй у славутай Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы), выезд у ЗША. У Нью Ёрку 21-гадовая Юля выйшла замуж за ўкраінскага эмігранта Паўла Андрусышына, нарадзіла двух сыноў, зь якіх адзін стаў ці не найбольш вядомым беларускім сьпеваком ХХ стагодзьдзя і зь якім яна наведала Беларусь на схіле савецкай імпэрыі, у 1989.

Амэрыканскае жыцьцё Юлі Андрусышынай пададзенае эпізадычна, даволі скупымі мазкамі, але і сярод гэтых асабістых і сямейных эпізодаў

можна вылавіць нечаканыя ракурсы ці крупінкі інфармацыі, якія дазваляюць убачыць беларускі эміграцыйны лёс больш выразна і поўна. Да мяне толькі пры чытаньні ўспамінаў Юлі Андрусышын дайшло разуменьне, што беларускі эмігранцкі страх перад дэпартацыяй у Савецкі Саюз, які не адступаў беларусаў увесь час у лягерах перамешчаных асобаў у Заходняй Нямеччыне, ня скончыўся зь іхным пераездам у ЗША. Праблема была ў тым, што пасьляваенныя беларусы ў Нямеччыне, народжаныя на тэрыторыі, якая да 1939 году належала да СССР, падлягалі прымусовай рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз; таму ў Нямеччыне яны масава ў дакумэнтах, якія падавалі на эміграцыю, мянялі месца нараджэньня, каб патрапіць на Захад, а не назад на ўсход. А паводле амэрыканскага імігранцкага закону тыя, хто напісаў няпраўду ў імігранцкіх дакумэнтах, падлягалі неадкладнай дэпартацыі з ЗША. Юля Андрусышына піша, што гэтае дэпартацыйнае правіла было адмененае (ці, можа, перастала ўжывацца) пасьля таго, як адзін расейскі імігрант і пісьменьнік (Родион Березов) публічна прызнаўся, што сфальшаваў свае імігранцкія паперы, каб не вяртацца да бальшавікоў. Трэба было гэтага публічнага прызнаньня і публічнага заступніцтва Элеаноры Рузвэльт (жонкі былога прэзыдэнта ЗША) ды сэнатара Джона Кэнэдзі, каб пасьляваенныя імігранты з Расеі, Украіны і Беларусі ў ЗША маглі дыхнуць вальней...

Інтэгральную частку кнігі ўспамінаў Юлі Андрусышын складаюць таксама дзёньнікавыя запісы зь яе двух падарожжаў у Беларусь. Першае падарожжа, з сынам Данчыкам, адбылося ў верасьні-красавіку 1989. Гэтая падарожжа з пэрспэктывы часу бачыцца як адна з найзначнейшых культурных падзей у Беларусі апошняй чвэрці мінулага стагодзьдзя. Данчык тады выступіў з канцэртамі ў Менску, Віцебску, Полацку, Горадні і Беластоку, усюды ўздымаючы і мацуючы «адраджэнскі дух» і заварожваючы сотні і тысячы слухачоў сваім голасам. У гэтых запісах узьнікае яшчэ раз непаўторная атмасфэра таго яснага часу спадзяваньняў і надзеі, не замутнёнага пазьнейшай змрачнатай рэальнасьцю. Другое падарожжа, з мужам Паўлам, аўтарка адбыла ў чэрвені-ліпені 1993, калі яны наведалі сям’ю і сваякоў як у Беларусі, так і ва Ўкраіне. У абодвух дзёньнікавых запісах найбольш цікавымі падаюцца побытавыя занатоўкі і назіраньні (пра «пахі і краявіды» Бацькаўшчыны), якія ўзьнікалі на сутыку двух культурна-цывілізацыйных сьветаў і мэнталітэтаў (заходняга і (пост)савецкага).

Успаміны Юлі Андрусышын дапоўненыя больш чым пяцідзесяцю старонкамі фатаграфій зь сямейнага архіву. Кніжка таксама ўключае вельмі цікавыя дадаткі, сярод якіх — успамін Багдана (Данчыка) Андрусышына пра ягоны выезд з канцэртамі ў Беларусь у студзені 1996 году.

«Адразу прыліпае да мяне нейкі стары з кучай папераў у руках. Пачынае тлумачыць, што ў яго ёсьць сваякі ў ЗША, ці ня мог бы я дапамагчы знайсьці іх. Хочацца захаваць ветлівасьць, спачуваю яму, але пасьля якіх пяці хвілінаў трачу цярплівасьць і ўцякаю. Па-першае, не магу яму памагчы, па-другое, няўжо людзі не разумеюць, што не ў галаве такія справы перад канцэртам...» — піша Данчык пра свой выступ у Горадні.

Кніга выйшла няблага адкамэнтаванай (Валянцінай Трыгубовіч), што дазваляе даволі лёгка арыентавацца ў процьме прозьвішчаў і фактаў, прыведзеных аўтаркай, і, дзякуй Богу, адрэдагаванай так, што «аўтарскі правапіс захаваны». «Забыцьцю не адданае» — гэта, мабыць, адно з апошніх выданьняў (калі наогул не апошняе), дзе можам паласавацца смакавітай мовай беларускай эміграцыі з пасьляваеннай хвалі, якая ў свой час пасьпяхова адбівалася ад лексычнага і сынтаксычнага ўплыву расейскай мовы. Прачытаць яе варта ня толькі тым, якія ведаюць або сустракаліся зь сям’ёй Андрусышыных асабіста — а такіх людзей сотні, калі ня тысячы — але і ўсім, хто цікавіцца беларускім эміграцыйным лёсам у агульнасьці і найноўшай гісторыяй беларускага лёсу ў прыватнасьці.

Ян Максімюк, Юля Андрусышын, Сяргей Шупа, Павел Андрусышын. Нью Ёрк, вясна 1992.

Ян Максімюк, Юля Андрусышын, Сяргей Шупа, Павел Андрусышын. Нью Ёрк, вясна 1992.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG