Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень пагадненьня з Іранам, я думаю, афіцыйна можна лічыць момантам, пасьля якога фразу «санкцыі не працуюць» можна афіцыйна забараніць ужываць.

Як высьвятляецца, працуюць, і яшчэ як. Іран таму — самы яркі і красамоўны прыклад. Як толькі заходнія краіны ўвялі рэальныя і ўзгодненыя эканамічныя санкцыі, перасталі купляць іранскую нафту, адключылі Ірану банкаўскую сыстэму SWIFT — дык нават аятолы (як сьцьвярджаюць некаторыя, зацятыя рэлігійныя фанатыкі) праявілі «канструктыўны рэалізм» і пайшлі на перамовы. І дзеля адмены санкцыяў «здалі пазыцыі», пайшлі на саступкі — і ня ў справе нейкіх там нястрашных палітвязьняў, а ў значна больш сур’ёзных рэчах: адмовіліся ад магчымасьці распрацаваць ядзерную зброю.

Так што санкцыі працуюць. Вядома, не для тых краінаў, якія даўно не турбуе матэрыяльны дабрабыт і дзе страты радасьцяў матэрыяльнай цывілізацыі ніхто і не заўважыць (як Судан ці Паўночная Карэя).

Санкцыі працуюць для краінаў, насельніцтва якіх прывыкла да нейкага матэрыяльнага ўзроўню і дабротаў цывілізацыі. Але — рэальныя эканамічныя санкцыі, а не (як у беларускім варыянце) візавыя абмежаваньні для пары дзясяткаў асобаў, якіх «і тут някепска кормяць». Таму я ўпэўнены, што як толькі б зьявілася пагроза сапраўдных эканамічных санкцыяў (напрыклад, не купляць беларускія нафтапрадукты, якія складаюць 40 працэнтаў экспарту), то ў той жа дзень Статкевіча ды іншых палітвязьняў вызвалілі б, яшчэ ссабойку ў дарогу далі, а можа, і на дзяржаўнай машыне дадому завезьлі. І турэмнікі сказалі б на разьвітаньне: «Прабач, нічога асабістага — толькі бізнэс».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG