Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён будзе прэзыдэнтам да Колі...» — апытаньне ў Горадні


Аляксандар Лукашэнка з сынам Колем падчас парлямэнцкіх выбараў на выбарчым участку ў Менску, 23 верасьня 2012 году

Аляксандар Лукашэнка з сынам Колем падчас парлямэнцкіх выбараў на выбарчым участку ў Менску, 23 верасьня 2012 году

Як доўга будзе кіраваць Беларусьсю Лукашэнка і хто яго заменіць? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Малады хлопец: «Думаю, што і цяпер будзе ён, бо іншых прэтэндэнтаў я папросту ня бачу. Цяжка загадваць — колькі наагул ён прабудзе, але гэты тэрмін яшчэ пэўна. Такая мая думка».

Маладая дзяўчына: «Я думаю, што пакуль яго няма кім замяніць. Дый гэта першы прэзыдэнт нашае краіны, ён ужо доўгі час кіруе нашай краінай, і народ да яго прызвычаіўся, ён усіх задавальняе. Думаю, што бліжэйшыя 5–10 гадоў ён яшчэ будзе».

Мужчына сярэдняга веку: «Я ня бачу кандыдатаў, якія б маглі ўжо загадзя пра сябе заявіць, весьці нейкую агітацыйную працу, як некалі раней, вывешвалі свае праграмы, тлумачылі, гаварылі пра сябе. Цяпер гэтага нічога няма. А чаму няма? Мы што, жывём у 37-м годзе? Сталінскія часы насталі, ці ён усіх папросту прыдушвае і не дае нават галавы падняць? Ён будзе „да Колі“, як у той прымаўцы гаворыцца. Вось вырасьце Коля ягоны, каторы зь ім паўсюль езьдзіць...»

Мужчына пэнсійнага веку: «Ніхто яго не заменіць, колькі здароўе дазволіць, столькі ён і будзе. Бо ён спартсмэн, ня курыць, а хто гэтым сёньня займаецца? Паглядзіце, якая цяпер моладзь, у школе нормы ГТО ня могуць здаць. А я ўжо не кажу, каго бяруць у войска і міліцыю. АМАПаўца добры першаразраднік пераможа, то што там казаць...»

Маладая дзяўчына: «Замяніць яго няма кім, ён стараецца і робіць усё для нашага гораду і краіны. За яго будуць яшчэ галасаваць дастаткова доўга».

Жанчына перадпэнсійнага веку: «Я ня ведаю, бо даўно не хаджу на выбары. І колькі ён прабудзе, таксама ня ведаю...»

Мужчына пэнсійнага веку: «Калі Колька падрасьце, тады ён і адыдзе...»

Мужчына пэнсійнага веку: «Не, няхай будзе лепей гэты прэзыдэнт і пры ім нядрэнна жыць, навошта іншы? Ён прабудзе яшчэ, магчыма, 2–3 тэрміны, а далей не магу пакуль сказаць».

Маладая дзяўчына: «Ня ведаю, камэнтароў у мяне няма...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG