Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве заплывае брудам Сьвятое возера


Чаўны на прыколе. Вакол бруд

Чаўны на прыколе. Вакол бруд

У Магілёве другі год забаронена купацца ў Сьвятым возеры. Спэцыялісты заяўляюць, што якасьць вады небясьпечная для здароўя чалавека.

Ля берагоў утварылася цьвёрдая корка з арганічнага рэчыва. На ачыстку вадаёму патрабуецца блізу ста пяцідзесяці мільярдаў рублёў. Між тым у 2012 годзе возера яшчэ прызнавалася самым чыстым вадаёмам у горадзе.

Вядома, што пяць год таму разглядаўся праект ачысткі дна возера ад шкодных адкладаў. Задумвалася прыцягнуць для яго ажыцьцяўленьня нямецкіх спэцыялістаў. Пытаньне, аднак, засталося нявырашаным праз праблемы зь фінансаваньнем.

Цяпер на пляжах возера — абвесткі з паведамленьнем: купаньне прыпыненае. Калі нехта і наважваецца прыйсьці на вадаём, дык толькі пазагараць. Улюблёнае месца адпачынку тысяч гараджан выглядае кінутым. Па берагах няма рыбакоў. На вадзе гаспадараць чайкі.

Засьцерагальныя аб’весткі на пляжы пра небясьпеку купаньня

Засьцерагальныя аб’весткі на пляжы пра небясьпеку купаньня

«Сёлета тут жах, што робіцца. Нават птушкі прайсьці ня могуць да вады, ня кажучы ўжо пра людзей», — абураецца заўсёдніца адпачынку на возеры.

«Тут ужо ніхто не купаецца. Зь дзеткамі прыходзяць, птушак пакормяць, але ў ваду, зразумела, ніхто не заходзіць. Брудна. Я пару разоў бачыла, як тут людзі загаралі. Вядома ж, шкада, што такое цудоўнае месца ў такім заняпалым стане. Усё тут дужа сумна цяпер выглядае», — даводзіць жанчына.

«Такая сытуацыя тут ужо трэці год», — далучаецца да гутаркі жыхар прыбярэжнага Грабянёўскага пасёлку. Летась, кажа ён, было меней бруду, а сёлета зь вясны ўсё зацягнула ім.

«Куды вецер — туды яго і гоніць. Можна казаць, што тут адбываецца катастрофа. Як возера зрабілі вялікім, дык з таго часу ніхто ім не займаецца», — выказваецца мужчына.

Грабянёўскі бераг возера – таксама ў брудзе

Грабянёўскі бераг возера – таксама ў брудзе

Чатыры дзясяткі гадоў таму Сьвятое возера было невялікім. Калі пачалася індустрыялізацыя тутэйшых месцаў з масавым узьвядзеньнем жыльля, з вадаёму бралі пясок. Возера значна павялічылася як памерамі, гэтак і глыбінёю. Цяпер яно самае вялікае ў горадзе. На ім незьлічоная колькасьць чаек. Іх мясцовыя жыхары і вінавацяць у забруджаньні возера.

«У нас тут разьвялося столькі чаек, што ніколі столькі не было. Як на пляж сядуць, дык ад іх усё белае, — даводзіць сваё бачаньне сытуацыі жыхар пасёлку. — Калі выводзяцца птушаняты, то нямала іх гіне. Іхныя цельцы застаюцца ў вадзе. Трэба прыбіраць востраў, бо птушкі ўсе на ім».

На возеры ёсьць востраў. Зь берага відаць, што ён сапраўды аблюбаваны птушкамі, якія вязнуць у твані. На берагах і ў вадзе нямала і бытавога сьмецьця — у асноўным плястыкавых бутэлек. Праз пляж пракладзеныя бэтонныя трубы зь літарай «К» на люках.

Пракладзеныя праз пляж трубы. На люках літара «К» – каналізацыя

Пракладзеныя праз пляж трубы. На люках літара «К» – каналізацыя

На пачатку сёлетняга купальнага сэзону не абыякавыя да лёсу возера грамадзяне сабралі больш за шэсьць тысяч подпісаў пад патрабаваньнем ачысьціць яго ад бруду. Адзін з актывістаў, які зьбіраў подпісы, Юры Новікаў зазначае: чыноўнікі не далі пэўнага адказу на зварот людзей. Адпісалі, што вадаём будуць чысьціць у тры этапы. Калі тое адбудзецца, невядома.

«У адказе чыноўнікі казалі больш пра прыбярэжную зону, аднак яна і так у някепскім стане, — кажа Юры Новікаў. — За прыбярэжжам няблага глядзеў мясцовы „Зелянгас“. Пра ачыстку вады ў адказе не гаварылася канкрэтна. Згадвалася, што, нібыта, у забруджваньні вінаватыя чайкі».

Пустынны пляж

Пустынны пляж

У гарадзкім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі заявілі: прычыны забруджваньня возера пакуль ня выяўленыя. Узятыя аналізы доннага грунту дасьледуюць менскія спэцыялісты-эколягі. Супрацоўніца цэнтру на закід журналіста: ці могуць чайкі стаць прычынаю «хваробы» возера — адрэагавала:

«Уявіце птушкафэрму пасярэдзіне возера. Як вы думаеце, што будзе зь непраточным возерам у такім выпадку? Бруд ад птушак — нікуды не дзяецца. Ён там жа і зьбіраецца. Але заключэньне ўсё ж мусяць даць спэцыялісты».

аплыла брудам купальня дзяцей. Да вады не падысьці

аплыла брудам купальня дзяцей. Да вады не падысьці

У гарадзкой інспэкцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя выказалі сумнеў, што птушкі гэтак маглі забрудзіць возера. На думку аднаго са спэцыялістаў інспэкцыі, на дне возера адбываюцца працэсы разлажэньня. Суразмоўца не пагадзіўся з тым, што на вадаёме адбываецца экалягічнае бедзтва.

«Браліся аналізы з дна, і яны мусяць паказаць, што там разлагаецца. Колькі там гэтых чаек? Гэтае ж возера ніколі ня чысьцілася», — зазначыў супрацоўнік інспэкцыі.

Сьвятое возера — помнік прыроды. Яно самае глыбокае на Магілёўшчыне. Углыб сягае 19 мэтраў. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе.

XS
SM
MD
LG