Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран і шасьцёрка пакуль не дамовіліся наконт ядзернай праграмы Тэгерану


Mіністар замежных спраў Iranu Мухамад Джавад Зарыф

Mіністар замежных спраў Iranu Мухамад Джавад Зарыф

Іранскі міністар замежных спраў Мухамад Джавад Зарыф заявіў у Вене, дзе праходзяць перамовы аб ядзернай праграме Ірану, што сёньня пагадненьне ня будзе дасягнутае.

Пры гэтым увечары ў нядзелю, 12 ліпеня, Зарыф цьвёрда заяўляў, што новага падаўжэньня тэрміну для фінальнай дамоўленасьці ня будзе. Цяперашні дэдлайн канчаецца менавіта 13 ліпеня.

У Вашынгтоне прадстаўнік Белага дому ЗША Джош Эрнэст заявіў, што на венскіх перамовах дасягнулі «сапраўднага прагрэсу», але і далей застаюцца некаторыя рознагалосьсі. Пры гэтым, дадаў Эрнэст, калі дамоўленасьці ня будуць дасягнуты да канца дня, ЗША яшчэ раз працягнуць сілу папярэдняй часовай дамоўленасьці з Іранам, паводле якой зь яго ўжо зьнялі частку санкцый. Прадстаўнік Белага дому заявіў, што дэлегацыя ЗША будзе заставацца ў Вене, пакуль перамовы будуць «карыснымі».

Раней у панядзелак міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, камэнтуючы верагоднасьць заключэньня пагадненьня да канца дня, сказаў толькі: «Шанец заўсёды ёсьць».

Затое Кітай не жадае далей адцягваць дасягненьня дамоўленасьці. Кіраўнік МЗС Кітаю Ван І заявіў у Вене, што далейшых адкладаў тэрміну ня можа быць. Паводле яго, Кітай лічыць, што ідэальных зьдзелак усё роўна не бывае, а ўмовы для дасягненьня дамоўленасьці ўжо ёсьць.

Да гэтага часу тэрміны дасягненьня канчатковай дамоўленасьці па ядзернай праграме Ірану пераносілі ўжо тройчы. ЗША і Эўразьвяз абвяшчалі, што працягваюць сілу папярэдняга пагадненьня з Іранам. Калі канчатковая зьдзелка сарвецца, гэтыя санкцыі вернуць зноў.

На цяперашніх канчатковых перамовах Ірану і шасьці зь вядучых краін сьвету (Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Кітаю і Расеі) удзельнікі павінны ўзгадніць падрабязныя тэхнічныя парамэтры значнага згортваньня ядзернай праграмы Тэгерану — у абмен спачатку на паступовае паслабленьне санкцый , а затым і на поўнае іх зьняцьце.

XS
SM
MD
LG