Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Палесьсі засуха ёсьць, у Мінсельгасхарчы — няма


На Гомельшчыне гаспадаркі палескай зоны пачалі выбарачнае жніво. Земляробы ўбіраюць найперш пашкоджаныя засухай пасевы — такіх у рэгіёне каля 100 тысяч гектараў, альбо блізу 30 адсоткаў усіх збожжавых культур. Відавочным стаўся недабор збожжа ў рэгіёне.

Найбольш пацярпелі ад сьпякотнага надвор’я і адсутнасьці дажджоў сем палескіх раёнаў — Мазырскі, Ельскі, Петрыкаўскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Акцябрскі й Сьветлагорскі.

Паводле інфармацыі абласнога камітэту па сельскай гаспадарцы й харчаваньні, з 367 тысяч гектараў азімых і яравых збожжавых на 40 тысячах пасевы загінулі цалкам — яны сьпісаныя зь севазвароту, хоць сёе-тое і ўдалося скасіць на корм жывёле. Яшчэ каля 60 тысяч гектараў значна пашкоджаны засухай. Акурат такія пасевы і пачалі ўбіраць вясковыя мэханізатары.

У Калінкавіцкай раённай управе сельскай гаспадаркі й харчаваньня ўдакладняюць:

«Якія пасевы наагул не прыдатныя для атрыманьня збожжа, там нарыхтоўвалі сянаж. Больш прыдатныя косім дзеля зерня. Дажджоў у нас было вобмаль практычна год. У глебе прадуктыўнай вільгаці, якой расьліны маглі б сілкавацца, не было. Зімой сьнегу бракавала. Вясна й лета таксама без дажджоў. У нас нават мэліярацыйныя каналы, выкапаныя штучныя вадаёмы перасохлі. У такім жа становішчы Мазыр, Лельчыцы, Акцябр, Петрыкаў — „падсмажыла“ Палесьсе, менавіта Палесьсе».

Ураджайнасьць на падгарэлых ад засухі пасевах не дацягвае часам і да 20 цэнтнэраў з гектару. А такіх пашкоджаных гектараў у раёне набіраецца каля 5 тысяч — з 22 тысяч гектараў, засеяных збожжавымі культурамі.

Летась у Калінкавіцкім раёне сабралі блізу 80 тысяч тон збожжа. Сёлета, з улікам кукурузы на зерне, меліся сабраць як найменей 130 тысяч тон. Але ўжо відавочна, што гэтулькі ніяк ня выйдзе:

«Разьлічвалі на сто тысяч тон збожжа. Вялікі грэх казаць штосьці супраць Бога — хочам цяпер хоць бы ўзроўню мінулага году дасягнуць. На мінэральных глебах, на ўзвышшах моцна падсушыла. Дзякуй Богу, дажджы пайшлі — кукуруза вырасьце, травы на пашы падымуцца. Але падгарэлыя пасевы збожжавых ужо не ажывуць — каля пяці тысяч гектараў „падсмажыла“. Шкада, канечне, грошай, высілкаў».

Сельгасвытворцы ўжо цяпер кажуць пра значны недабор збожжа ў рэгіёне. Хутчэй за ўсё, ня ўдасца поўнасьцю атрымаць тут і насеньне для азімай сяўбы — да такой высновы схіляюцца ў абласным камітэце па сельскай гаспадарцы й харчаваньні.

Тым часам чыноўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі заяўляюць, што ніякай засухі ў Беларусі няма. У прыватнасьці, першы намесьнік міністра Леанід Марыніч 9 ліпеня заявіў журналістам у Менску: «Перастаньце нагнятаць абстаноўку. Гэтага няма. Паводле стану пасеваў на сёньня чакаецца падзеньне ўраджайнасьці, магчыма, на 2–2,5 цэнтнэра з гектара ў параўнаньні зь мінулым годам. Навошта нагнятаць тое, чаго няма ў краіне?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG