Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякіх мігалак, падаткі 40% і платны паркінг»: як беларуска стала дэпутаткай гарадзкой рады ў Антвэрпэне


Навошта ісьці ў дэпутаты, калі гэта не прыносіць ніякай выгады, чаму беларускія палітуцекачы за мяжой выступаюць за Пуціна і чаму пэнсія ў 65 год лепшая за пэнсію ў 55? Былая жыхарка Салігорску распавяла Свабодзе пра дэпутацкую працу ў гарадзкой радзе Антвэрпэна.

У 65 толькі пачынаеш вандраваць, вучыць мовы і граць на музычных інструмэнтах

Праз два тыдні Галіне Мацюшынай спаўняецца 53 гады. Аднак кабета ня мае «перадпэнсійнага» настрою ў адрозьненьне ад ейных аднаклясьнікаў, якія ўжо рыхтуюцца да дачнага ладу жыцьця. У Мацюшынай вельмі шмат плянаў у працы і ў палітыцы. Ужо зараз яна думае, зь якой праграмай ісьці на выбары ў 2018 годзе.

Галіна Мацюшына (справа) на сёлетнім сьвяце “Рознакаляровы спорт” разам з балярынай Вольгай Якаўлеўскай

Галіна Мацюшына (справа) на сёлетнім сьвяце “Рознакаляровы спорт” разам з балярынай Вольгай Якаўлеўскай

«Калі ты ведаеш, што табе яшчэ так шмат працаваць, ты пасоўваеш сваё старэньне, працягваеш актыўнае жыцьцё, жывеш так, каб заставацца здаровым і працаздольным, — кажа яна. — Бэльгійцы ў 65 год толькі пачынаюць вандраваць, вывучаць мовы, граць на музычных інструмэнтах, рэалізоўваць свае хобі. Гэта ж выдатна! Я б хацела, каб так было і ў Беларусі».

Па словах беларускі, ня менш актыўнай яна была і ў родным Салігорску, дзе жыла да 37 год. 18 год яна адпрацавала на «Беларуськаліі», 8 зь іх была начальніцай зьмены на абагачальнай фабрыцы. Кар’еру яна змагла б зрабіць і на радзіме, але празь сямейныя абставіны ў 1999 годзе мусіла зьехаць зь дзецьмі ў Бэльгію, дзе ўжо жыла ейная сястра.

Мацюшына ў ліку тых, хто стварыў грамадзкую арганізацыю для мігрантаў з постсавецкіх краінаў — «Плятформа Салідарнасьць». У 2006 годзе «Плятформа» далучылася да «Інтэрнацыянальнага камітэту», дзе Мацюшына працуе дагэтуль. «Інтэрнацыянальны камітэт» курыруе больш за 300 грамадзкіх арганізацыяў мігрантаў Антвэрпэна. У Бэльгіі лічаць, што менавіта праз нацыянальныя арганізацыі мігранты змогуць хутчэй інтэгравацца ў грамадзтва.

На сьвяце мікрараёна Borgerhout разам з Нэпальскай дыяспарай

На сьвяце мікрараёна Borgerhout разам з Нэпальскай дыяспарай

За столькі гадоў працы Мацюшына стала адным зь вядучых экспэртаў па міграцыі ў Бэльгіі. Па яе словах, яна бачыць рашэньні шмат якіх праблемаў мігрантаў, але ня можа гэта ні да кога данесьці. Менавіта дзеля таго яна й вырашыла паспрабаваць сябе ў палітыцы і ўдзельнічала ў гарадзкіх выбарах 2012 году ад Хрысьціянскіх дэмакратаў Фляндрыі.

«Каб прымаць такія рашэньні, трэба мець палітычны ўплыў, — кажа Мацюшына. — І так супала, што мая партыя прапанавала мне стаць кандыдатам у дэпутаты».

На выбарах я абышла бэльгійскіх карыфэяў у палітыцы

Калі на выбарах Мацюшына абышла некаторых карыфэяў бэльгійскай палітыкі, якія ўжо па 20 год ва ўладзе, у ейны бок пасыпаліся абвінавачваньні. Маўляў, прыйшоў невядома хто — і з нуля трапіў у раду.

Перадвыбарны плякат Мацюшынай

Перадвыбарны плякат Мацюшынай

«Але гэта няпраўда, — кажа беларуска, — на той час у мяне было ўжо больш за 10 год валянтэрскай і прафэсійнай працы зь мігрантамі. Так, я — новае імя ў палітыцы, але я не ўзялася зь ніадкуль. У мяне ўжо быў вялікі досьвед».

У перадвыбарчай кампаніі Мацюшына зрабіла стаўку на дзьве групы выбаршчыкаў: мігрантаў, зь якімі яна працавала, і жыхароў свайго раёну. Эўфарыі перамогі, кажа яна, не было. Паўтара года давялося патраціць на вывучэньне гарадзкой сыстэмы: што адносіцца да гарадзкой, а што да муніцыпальнай кампэтэнцыі, за што адказвае яна сама, якую інфармацыю ёй трэба аналізаваць, а якую — не.

«Я думала, ці вытрымаю шэсьць год працы ў такім рэжыме, — кажа Мацюшына. — Што мне дапамагло — гэта беларускі досьвед, мая інжынэрная праца ў мінулым. Калі табе даводзіцца прымаць хуткія рашэньні, разьбірацца ў дэталях з ходу, калі няма часу на абдумваньне. Вось гэтага структурнага мысьленьня часта бракуе гуманітарыям».

Летась вайскоўцы аднаўлялі пантонны мост у Антвэрпэне. Па такім самым мосьце роўна 100 гадоў таму людзі пакідалі горад, калі пачалася Першая сусьветная вайна

Летась вайскоўцы аднаўлялі пантонны мост у Антвэрпэне. Па такім самым мосьце роўна 100 гадоў таму людзі пакідалі горад, калі пачалася Першая сусьветная вайна

Цяпер жа, «уцягнуўшыся» ў гарадзкую палітыку, Мацюшына гатовая і да наступнага тэрміну, калі ўдасца прайсьці выбары.

«У палітыцы я сябе адчуваю вельмі ўтульна, — кажа яна. — Я бачу, як расьце мой прафэсіяналізм. Я цалкам упэўненая ў сабе».

Ад хрысьціянскіх дэмакратаў у гарадзкую раду прайшло пяць чалавек. Гэта другая па колькасьці прадстаўленых дэпутатаў партыя ў радзе. Разам з Новым флямандзкім альянсам хрысьціянскія дэмакраты застаюцца ў правячай кааліцыі. Мацюшына ўзначальвае камісію па зборы сьмецьця і ўдзельнічае ў шасьці іншых камісіях.

Мігранты галасуюць за ўльтраправых, якія «не пераносяць» замежнікаў

З 55 абраных дэпутатаў гарадзкой рады толькі дзевяцёра — бургамістар і ягоныя намесьнікі — цалкам занятыя працай у ратушы. Астатнія дэпутаты працягваюць сваю звычайную працу і толькі ў вольны час і ў «палітычныя дні» зьбіраюцца на паседжаньні рады.

“Кухня салідарнасьці” паміж бэльгійцамі і мігрантамі

“Кухня салідарнасьці” паміж бэльгійцамі і мігрантамі

Наведаць паседжаньне можа любы чалавек. Наведнікам удзельнічаць у абмеркаваньні нельга, але яны могуць за ўсім назіраць. У які дзень якое пытаньне будзе абмяркоўвацца ў радзе, можна пабачыць на афіцыйным сайце.

Па словах Мацюшынай, нічога, акрамя адказнасьці яна як дэпутатка не атрымала. Так, дэпутатам плацяць грошы, але пасьля падаткаў у 40% застаецца няшмат.

«Калі я стала дэпутаткай, у мяне спыталі, ці буду я мець мігалку, — узгадвае беларуска. — Нічога ў нас няма. Толькі калясальная адказнасьць, якую мы нясем. Нават бясплатны паркінг каля ратушы ў дэпутатаў забралі. Каб не паркавацца далёка, штораз трэба плаціць 2,70 эўра за гадзіну».

На сайце гарадзкой рады абавязкова зьмешчаная ўся кантактная інфармацыя дэпутатаў. Гэтаксама даступныя і палітыкі вышэйшых узроўняў. А паколькі палітычная актыўнасьць у бэльгійцаў вельмі высокая, дэпутатам ледзь ня штодня даводзіцца адказваць на пытаньні сваіх выбаршчыкаў.

«Але ў коле мігрантаў даводзіцца, наадварот, тлумачыць людзям іхнія палітычныя правы, — кажа Мацюшына. — Мы расказваем пра адрозьненьні партыяў, бо, здараецца, самі мігранты галасуюць за ўльтраправыя партыі, якія не пераносяць замежнікаў».

На сустрэчы з расейцамі, алжырцамі, італьянцамі ды афрыканцамі, якія адыгрываюць важную ролю ў працы зь мігрантамі

На сустрэчы з расейцамі, алжырцамі, італьянцамі ды афрыканцамі, якія адыгрываюць важную ролю ў працы зь мігрантамі

Што да мігрантаў-дэпутатаў, то шмат якія дыяспары, як мараканцы ці туркі, маюць сваіх прадстаўнікоў у гарадзкой радзе. Але гэтыя нацыянальнасьці жывуць у Бэльгіі ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе, маюць чатыры пакаленьні, якія тут нарадзіліся. Таму выпадак, каб у раду трапіў мігрант першай хвалі, сапраўды ўнікальны.

«Сярод прадстаўнікоў постсавецкай прасторы — я першая ў Бэльгіі, — кажа Мацюшына. — А можа, й увогуле ва ўсёй Эўропе. Вось нядаўна яшчэ малады чачэнец Артур Ісаеў прайшоў у раду ў маленькім гарадку — больш нікога няма».

Беларускія палітуцекачы «падселі» на Пуціна

Большасьць мігрантаў з постсавецкіх краінаў гадамі жывуць у Бэльгіі, але так і ня сталі тут сваімі, — кажа Галіна, якая за 16 год у Бэльгіі вывучыла мову, інтэгравалася ў грамадзтва і нават стала дэпутаткай.

«Бяда гэтых людзей у тым, што яны прыехалі „з саўка“ і пабудавалі такі самы „савок“ у Бэльгіі, і пры гэтым карыстаюцца дабротамі гэтай краіны».

Сёлета партыя Мацюшынай назьбірала 2,5 тыс. эўра ў падтрымку нэпальскай дыяспары, чые суайчыньнікі пацярпелі падчас землятрусу

Сёлета партыя Мацюшынай назьбірала 2,5 тыс. эўра ў падтрымку нэпальскай дыяспары, чые суайчыньнікі пацярпелі падчас землятрусу

Хоць у Бэльгіі ёсьць розныя магчымасьці вывучаць флямандзкую мову, выхадцы з постсавецкіх краін жывуць у расейскамоўным гета, спажываючы выключна інфармацыю з расейскіх каналаў.

«Усе яны ведаюць, што сказаў Пуцін, але ня ведаюць, што адбываецца за 100 мэтраў ад іхняга дому, таму што не цікавяцца жыцьцём і навінамі Антвэрпэна і Бэльгіі».

Падобныя праблемы інтэграцыі застаюцца і ў іншых дыяспарах — іранцы, нэпальцы, афрыканцы таксама варацца ў сваім саку.

«Яны завісьлі дзесьці пасярэдзіне. Яны сябе і грамадзянамі Бэльгіі не адчуваюць, і беларусамі сябе ня лічаць. Гэта вельмі дзіўны тыпаж».

Падчас паездкі ў Інгушэцію ў 2013 годзе, куды Мацюшыну запрасіў кіраўнік рэспублікі. На фота з расейскай журналісткай Тацянай Дубровінай

Падчас паездкі ў Інгушэцію ў 2013 годзе, куды Мацюшыну запрасіў кіраўнік рэспублікі. На фота з расейскай журналісткай Тацянай Дубровінай

Зь беларусамі, кажа Мацюшына, увогуле цікавая сытуацыя. Большасьць зь іх таксама пад уплывам «кісялёвых» і «салаўёвых». Напрыклад, летась яе грамадзкая арганізацыя ладзіла плятформу «За мір ва Ўкраіне». Падчас адной з канфэрэнцыяў да яе падышлі беларусы, якія сюды прыехалі як палітуцекачы, і спыталі: ці яна бандэраўка?

«А яшчэ гэтыя беларусы, якія калісьці атрымалі ў Бэльгіі палітычны прытулак, езьдзяць у Беларусь і прыяжджаюць зачараванымі. Я пытаю: «Калі вы так любіце Беларусь і так ня любіце Бэльгію, чаго ж вы тут жывяце?»

Трэба самім ствараць у сябе беларускасьць

Што да беларусаў у Антвэрпэне, яны таксама маюць свае арганізацыі. Праўда, не такія шматлюдныя, як калісьці. Тэмы, якія аб’ядноўваюць нашых суайчыньнікаў, — Чарнобыль і Дзень Волі. Калісьці на іх зьбіраліся да 200 чалавек.

Сёньня беларусы жывуць больш надзённымі клопатамі: неўзабаве на сустрэчу да іх прыйдзе консул, каб патлумачыць закон аб дармаедзтве.

Гэтую мапу радзімы Мацюшына сфатаграфавала ў Полацкім краязнаўчым музэі летась. “Мапа ўражвае”, - кажа яна

Гэтую мапу радзімы Мацюшына сфатаграфавала ў Полацкім краязнаўчым музэі летась. “Мапа ўражвае”, - кажа яна

«Беларусы апынуліся ў самай складанай сытуацыі, — кажа Мацюшына. — Праз русыфікацыю, праз гісторыю мы ня сталі носьбітамі беларускай культуры. Мы гэтую культуру і самі добра ня ведаем. Не для ўсіх яна відавочная».

Каб даведацца больш пра родную культуру, падчас адпачынкаў, якія Мацюшына звычайна праводзіць у Беларусі, разам зь сябрамі яна стараецца вандраваць па краіне. Полацак, Віцебск, Менск, Прыпяць — Галіна адкрывае для сябе Беларусь толькі зараз.

«Я нідзе не была, жыла ў сваім Салігорску і нічога, акрамя сваіх калійных шахтаў, ня бачыла. Я разумею, што беларускасьць трэба ствараць у самой сябе. Гэта толькі ад нас залежыць».

Доўгі час Мацюшына нідзе ў Беларусі не вандравала. Зараз стараецца ў кожны адпачынак пабываць у новых месцах. Фота зь леташняга падарожжа па Палесьсі

Доўгі час Мацюшына нідзе ў Беларусі не вандравала. Зараз стараецца ў кожны адпачынак пабываць у новых месцах. Фота зь леташняга падарожжа па Палесьсі

Але пры гэтым, як кажа Мацюшына, яна не стварыла для сябе рамантычнага вобразу сваёй Бацькаўшчыны. Бачачы прыгожыя гарады, яна ня можа не зьвяртаць увагі на недахопы.

«Вось сыстэма „Адно вакно“ — выдатная ідэя! Ня трэба нікуды хадзіць, усё аддаў і атрымаў у адным месцы. Але ж вось Салігорск — вялікі заможны горад, а там дагэтуль працуе адна старэнькая бальніца, якая ўсіх не зьмяшчае».

Але такія пытаньні не ўздымаюцца ў дзяржаўных мас-мэдыях. Замест гэтага газэты пішуць пра дасягненьні ў эканоміцы.

«Калі б я пару месяцаў паглядзела беларускае тэлебачаньне, дык таксама, напэўна, пачала б верыць яму. Таксама стала б у чэргі па даляры і пры гэтым кляла Амэрыку. Таму цяпер я так паважаю беларусаў, якія маюць сваё меркаваньне».

У АГП Мацюшына была яшчэ да ад’езду. Але сур’ёзна палітыкай стала цікавіцца толькі за мяжой

У АГП Мацюшына была яшчэ да ад’езду. Але сур’ёзна палітыкай стала цікавіцца толькі за мяжой

Мацюшына — даўні сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна лічыць, што пры любым раскладзе варта ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Нават калі партыя сустрэнецца зь некалькімі тысячаў выбаршчыкаў — гэта ўжо вынік.

«Падзеі апошніх гадоў сьведчаць пра тое, што на палітычным полі можа здарыцца што заўгодна. Ніхто ўжо не бярэцца прадказваць палітычны расклад сілаў наперад».

Беларускія ўлады да мяне не зьвярталіся

Адно з грунтоўных адрозьненьняў Беларусі ад Бэльгіі — у тым, што праблемы там не замоўчваюцца, а абмяркоўваюцца. Калі нешта здараецца, там ня толькі шукаюць вінаватых, але найперш думаюць, як папярэдзіць гэта ў будучым. А абмеркаваньне праходзіць публічна.

На сьвяце раёна Borgerhout разам з нэпальскай дыяспарай

На сьвяце раёна Borgerhout разам з нэпальскай дыяспарай

«Так ва ўсім. Вось сёлета 3% раённага бюджэту было вырашана патраціць на тое, што захочуць самі жыхары раёну. І вось яны абмяркоўваюць, як патраціць 20 тысяч эўра: паставіць новую тумбу з афішай, кветнік ці арганізаваць сьвята вуліцы з шашлыкамі. Жыхары гэта вырашаюць самі».

У такіх рэчах, упэўнена Мацюшына, і палягае дэмакратыя. Якую школу абраць, за які тэлеканал плаціць, якую газэту чытаць, за якую партыю галасаваць — гэта чалавек сам абірае.

«Але ніхто пры гэтым ня кажа, што Бэльгія ідэальная. Тут хапае праблемаў. З тымі ж мігрантамі, якім цяжка знайсьці працу. Але для таго існуюць палітыкі: каб вырашаць праблемы».

Пераняць бэльгійскі досьвед беларускім чыноўнікам, мяркуе Мацюшына, будзе складана. А вось разьвіваць валянтэрскі рух, за кошт якога вырашаецца шмат сацыяльных напружанасьцяў, было б можна.

Беларускія ўлады пакуль не зьвярталіся да Мацюшынай. А вось мясцовыя грамадзкія арганізацыі ўвесь час да яе зьвяртаюцца. На фота – у рускім доме з сацыёлягам Ірынай Троіцкай

Беларускія ўлады пакуль не зьвярталіся да Мацюшынай. А вось мясцовыя грамадзкія арганізацыі ўвесь час да яе зьвяртаюцца. На фота – у рускім доме з сацыёлягам Ірынай Троіцкай

«Я ўвогуле ня бачу зацікаўленасьці з боку беларускіх уладаў. Каб неяк скарыстацца маімі магчымасьцямі, ніхто да мяне не зьвяртаўся».

Пасіўнасьць і беларускіх палітыкаў, і беларускіх мігрантаў Мацюшына тлумачыць савецкім выхаваньнем, калі асоба не магла раскрыцца напоўніцу.

«А чалавеку, каб ісьці ў нагу з часам, нельга ні на сэкунду прыпыняцца. Ты загамаваў, потым упаў, цябе ўсе пераступяць і не дадуць рукі падняцца. Таму ты мусіш заўжды быць у руху. Мусіш ведаць законы, структуру. Мусіш заўжды пацьвярджаць свой прафэсіяналізм. Калі стаіш на месцы, вельмі хутка губляеш пазыцыі. І падняцца наноў — гэта будзе трэба ў дзесяць разоў больш высілкаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG