Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мукачава: канфлікт вакол «Правага сэктару» працягваецца


У Мукачаве (Закарпацкая вобласьць Украіны) зайшлі ў тупік перамовы праваахоўных органаў з актывістамі арганізацыі «Правы сэктар».

Як заявіў кіраўнік абласной адміністрацыі Васіль Губаль, месцазнаходжаньне байцоў «Правага сэктару» невядома; зброі яны не здалі і на кантакт не выходзяць.

Раней у нядзелю дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што два параненыя чальцы «Правага сэктару» здаліся і зьмешчаны ў шпіталь, а з астатнімі працягваюцца перамовы. У сваю чаргу, «Правы сэктар» заявіў, што яны проста пераправілі двух сваіх параненых паплечнікаў у шпіталь, каб выратаваць іх жыцьці.

У нядзелю ж сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Гройсман заклікаў прадстаўнікоў «Правага сэктару», якія хаваюцца пад Мукачава, скласьці зброю і здацца міліцыі.

Раней паведамлялася, што каля 20 байцоў «Правага сэктару» адкрылі ў Мукачыве агонь у ходзе канфлікту з групай мясцовых жыхароў, а затым абстралялі міліцыянэраў, якія прыбылі на месца канфлікту, падпалілі іх машыны, пост ДАІ і аўтазаправачную станцыю, і схаваліся ў лесе каля вёскі Крамы пад Мукачавым. Улады ўступілі зь імі ў перамовы.

Па дадзеных абласной пракуратуры, ахвярамі страляніны сталі 3 чалавекі, яшчэ 11 былі параненыя. «Правы сэктар», са свайго боку, паведаміў аб гібелі двух сваіх актывістаў і раненьні яшчэ чатырох.

Зь вечара суботы ў Кіеве і шэрагу іншых гарадоў Украіны чальцы «Правага сэктару» і іх прыхільнікі праводзяць акцыі пратэсту, патрабуючы адстаўкі кіраўніка МУС Арсена Авакава.

Прадстаўнік прэзыдэнта Сьвятаслаў Цеголка паведаміў у ноч на панядзелак, што 13 ліпеня Пятро Парашэнка склікае Ваенны кабінэт.

Паводле Цэголкі тэмай пасяджэньня будуць падзеі ў Мукачаве.

Ваенны кабінэт зьяўляецца працоўным органам Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG