Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры Эўразьвязу дасягнулі пагадненьня па Грэцыі


Лідэры эўразоны дасягнулі адзінадушнага рашэньня прапанаваць Грэцыі трэці пакет фінансавай дапамогі і захаваць яе ў зоне адзінай эўрапейскай валюты.

Такое рашэньне было прынятае пасьля 17 гадзінаў перамоваў. Пра гэта паведаміў сёньня старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск.

«Эўрасаміт аднагалосна дасягнуў пагадненьня. Усе гатовыя пайсьці на праграму ESM (эўрапейскі стабілізацыйны мэханізм) для Грэцыі з сур’ёзнымі рэформамі і фінансавай падтрымкай» — сказаў Туск.

Цяперашні пакет фінансавай дапамогі будзе трэцім, які Грэцыя атрымае, пачынаючы з 2010 году.

Туск заявіў, што пагадненьне аб дапамозе Грэцыі можа даць магчымасьць гэтай краіне застацца ў зоне эўра.

Лідэры Эўразьвязу папярэджваюць, што пагадненьне патрабуе ад Грэцыі распачаць сур’ёзныя рэформы

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што грэцкі парлямэнт павінен быць скліканы на працягу некалькіх гадзінаў, каб ухваліць новыя рэформы.

«Эўропа прыняла рашэньне па „дарожнай мапе“. Цяпер усё залежыць ад рэалізацыі», — сказаў прэм’ер-міністар Эстоніі Тааві Рыйвас.

Прадстаўнікі Эўразьвязу адзначылі, што прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас прыняў кампраміс, вылучаны крэдыторамі на чале з Нямеччынай па прыватызацыі грэцкіх дзяржаўных актываў, якія трэба прадаць, каб пагасіць доўг.

Як адзначае Reuters, грэцкі лідэр таксама прыняў умовы міжнародных крэдытораў, якія прапанавалі Атэнам 86 мільярдаў эўра фінансавай падтрымкі. Прыняцьце Грэцыяй гэтых умоваў канцлер Нямеччыны Ангэла Мэркэль назвала неабходнымі, каб атрымаць падтрымку пляну ў бундэстагу.

Па словах Мэркэль, якія прыводзіць Associated Press, эўразона гатовая палегчыць даўгавы цяжар Атэнаў, аднак гаворкі аб сьпісаньні запазычанасьці не ідзе.

Парлямэнт Грэцыі павінен да 15 ліпеня прыняць асноўныя законы па рэформах, у прыватнасьці, рэформе падатку на даданую вартасьць, рэарганізацыі нацыянальнага статыстычнага агенцтва, зьменаў у пэнсійнай сыстэме, праінфармавала Мэркель. Толькі пасьля гэтага, адзначыла яна, можна будзе прагаласаваць па пытаньні трэцяй праграмы дапамогі Грэцыі ў нацыянальных парлямэнтах.

Жорсткія ўмовы, прапанаваныя міжнароднымі крэдыторамі на чале з Нямеччынай, могуць выклікаць пратэсты у Грэцыі і прывесьці да адстаўкі ўраду Цыпраса. Яшчэ да таго, як канчатковыя ўмовы сталі вядомыя, міністар працы Грэцыі Панос Скурлеціс выступіў на дзяржаўным тэлебачаньні і асудзіў ўмовы крэдытораў. Паводле яго словаў, умовы крэдытораў непрымальныя і, магчыма, у Грэцыі спатрэбяцца новыя выбары. Гэта стала яшчэ адной прыкметай таго, што Цыпрасу будзе складана пераканаць сваю ўласную партыю СІРЫЗА прыняць умовы міжнародных крэдытораў.

Старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск падкрэсьліў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі, што рашэньне краінаў эўразоны «дае Грэцыі шанец пазьбегнуць сацыяльных і палітычных наступстваў адмоўнага выніку». Ён дадаў, што ў пагадненьні «існуюць строгія ўмовы, якія павінны быць выкананыя».

Туск падкрэсьліў, што пагадненьне павінна яшчэ быць ухваленае парлямэнтамі шэрагу краінаў эўразоны.

Старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер заявіў, што ў пагадненьні няма ані пераможцаў, ані тых, хто прайграў, і назваў дакумэнт «тыповым эўрапейскім пагадненьнем».

Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас паведаміў, што Грэцыя дамаглася саступак па рэструктурызацыі свайго доўгу і забясьпечыла сярэднетэрміновую фінансавую дапамогу.

«Гэтыя меры непазьбежна створаць крызісныя тэндэнцыі, але пакет росту, рэструктурызацыя доўгу і гарантаванае фінансаваньне на працягу наступных трох гадоў будзе азначаць, што так званы „Grexit“ — гэта мінулае», — сказаў Цыпрас. Grexit — нэалягізм, які азначае выхад Грэцыі з зоны эўра, складзены з частак ангельскіх словаў Greece (Грэцыя) і exit (выхад).

Цыпрас сказаў, што Грэцыя сутыкнулася зь «цяжкімі рашэньнямі і жорсткімі дылемамі», дадаўшы, што дасягнутая ў Брусэлі дамоўленасьць — лепшая з магчымых.

Фондавыя рынкі пазытыўна адрэагавалі на пагадненьне, якое прадухіліла выхад Грэцыі з зоны эўра. Нямецкі біржавы індэкс DAX падвысіўся на 1,2%, францускі CAC-40 вырас на 1.6%. Індэкс вядучых эўрапейскіх акцый Stoxx-50 павялічыўся на 1.7%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG