Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць у сеціве такі пэрсанаж, які адчайна змагаецца з назваю нашай краіны – Беларусь.

Ёсьць у сеціве такі пэрсанаж, які адчайна змагаецца з назваю нашай краіны – Беларусь. Некалі Свабода нават надрукавала ягоны блог. Надрукавала, бо ідэі маюць права на існаваньне. Іншая рэч – наколькі яны рэалістычныя, жыцьцёвыя і ці здольныя «авалодваць масамі».

Ідэя нашага пэрсанажа – правальная, бо, па-першае, не прапануе замест Беларусі прыймальнае альтэрнатывы (Літву я ня ўлічваю, бо чаму б тады не Расея ці Польшча, іншыя варыянты ўвогуле выглядаюць недарэчнымі салапякамі); па-другое, ня ўлічвае «бягучы момант» і тое, што такія рашэньні маглі б прымацца толькі кіраўніком краіны, які мае намер перажыць на гэтай пасадзе ўсіх сваіх апанэнтаў, але стаць Атацюркам для беларусаў не зьбіраецца; па-трэцяе, за некалькі гадоў ідэя так і ня выйшла за межы форумных баталіяў нашых камэнтатараў.

Бог зь ёй, з альтэрнатывай. Тут, думаю, колькі будзе пэрсанажаў, столькі прапановаў, сума якіх будзе сьведчыць толькі пра творчыя здольнасьці іх аўтараў, але наўрад ці складзецца ў кансэнсус. Рэч тут менавіта ў адмаўленьні і нават ганьбаваньні існае назвы Беларусь. І гэта не правакацыя, а сьвядомая дзейнасьць, скіраваная супраць нашае краіны і нас саміх, беларусаў. Зразумела, ніхто на гэта асабліва не зьвяртае ўвагі, бо маштаб надта несувымерны і несутыкальны – як камарыны піск супраць цэлага мацерыка нашай культуры, гісторыі і мэнтальнасьці.

І ўсё ж я назаву хоць бы тры прычыны, зь якіх беларусы не адмовяцца ад назвы Беларусь. Прычым гэтыя прычыны ня дзеляць народ на прыхільнікаў улады і яе апанэнтаў.

1. Бо гэтая назва ад нараджэньня ў нашай крыві – такімі мы ўсьведамляем сябе, бо перанялі гэтае разуменьне ад бацькоў і дзядоў; такімі мы адчуваем сябе на роднай зямлі, дзе б ні апынуліся: на Палесьсі ці на Блакітных азёрах, у старажытным Полацку ці ў каралеўскай Горадні, сярод суайчыньнікаў; так мы прадстаўляемся ў сьвеце.

2. Беларусь – сакральнае слова нашай культуры.

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь, –

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,

Сваю матку-зямлю – Беларусь. – Пісаў Янка Купала.

Ты ня згасьнеш, ясная зараначка,

Ты яшчэ асьвеціш родны край.

Беларусь мая! Краіна-браначка!

Ўстань, свабодны шлях сабе шукай. – Пісаў Максім Багдановіч.

Хмараў дым над абшарамі тае,

вецер дыхае мятай, быльлём.

Беларусь, Беларусь залатая,

за цябе, за цябе мы ідзём! – Сьпявае Данчык на словы Натальлі Арсеньневай.

Ты сказаў нам: «Унукі Скарыны,

Дзе ваш гонар, моц і краса?

Ёсьць і ў вас, як і ў іншых, сьвятыня.

Не давайце сьвятыні псам!

Не давайце зь яе глуміцца,

Бо прасьпіць яна ясну зару,

Бо сьвяты ізумруд заімгліцца

У пярсьцёнку тваім, Беларусь». – Пісаў Уладзімер Караткевіч, пад ізумрудам маючы на ўвазе Вільню.

Гэтыя і многія іншыя словы складаюць сьветапоглядную аснову кожнага беларуса, які менавіта беларусам сябе ўсьведамляе. Гэта вялікая культура, якая перайшла нам у спадчыну, і я ня бачу ніякай разумнай прычыны выкінуць гэта ўсё толькі таму, што так сказала нейкая Кацярына (сам гэты інтэрнэтны фэйк у параўнаньні з цэлай культурай, якая трывожыць сэрца, – яшчэ адзін камарыны піск).

Прамяняць Купалу, Багдановіча, Арсеньневу, Караткевіча, прабачце, на што? На фэйк?

Ёсьць, дарэчы, яшчэ адзін верш, які я б з задавальненьнем адрасаваў нашаму пэрсанажу:

Хоць душа твая гордая ў ранах

Зь нецьвярозага болю крычыць,

У гарэлцы чужой і дурманнай

Імя нашага не палашчы.

Пі, калі цябе піці прымусілі,

Калі волі ня маеш чамусь,

Не чапай толькі п’янымі вуснамі,

П’яным клічам ня кліч Беларусь.

Не гарэлкай, ня таннай сьлязою,

Пад ударамі ўпаўшы плашмя,

Шмат хто з нас захлынуўся крывёю

За яе дарагое імя.

Ларыса Геніюш

3. Уласна гэта і ёсьць трэцяя прычына. Мільёны ахвяраў, прынесеных народам менавіта за імя сваёй краіны, зрабілі гэтае імя сьвятым. Гэта проста няма як супастаўляць з фэйкавым «указам Кацярыны».

Колькі творцаў Беларусі загінулі ад голаду і сухотаў, на расейскіх катаргах і ад кулі НКВД, колькі народу Беларусі палегла за тое ж на франтах дзьвюх сусьветных войнаў, колькі настаўнікаў Беларусі цярпелі зьдзекі рознага кшталту акупацыйных адміністрацыяў…

Здавалася б, пасьля 20 стагодзьдзя ніякай Беларусі ўжо не павінна быць. Але насуперак усім гэтым пошасьцям і нашэсьцям, трава зноў прабіваецца праз асфальт. І ў гэтым вялікі сэнс воклічу, які ў нас гучыць паўсюдна: Жыве Беларусь!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG