Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДТЗ з трыма сьмяротнымі ахвярамі ў фэстывальным Віцебску


Фота: news.vitebsk.cc

Фота: news.vitebsk.cc

У ноч на 11 ліпеня на адной з цэнтральных вуліц Віцебску — на Маскоўскім праспэкце — адбылося ДТЗ з удзелам матацыкліста-байкера.

24-гадовы кіроўца матацыкла YAMAHA YZF-R1 учыніў наезд на сямейную пару, якая пераходзіла дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. 27-гадовы спадар і ягоная 26-гадовая жонка загінулі на месцы.

Сьледчы Камітэт распачаў крымінальную справу па частцы 3 артыкулу 317 (парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплюатацыі транспартных сродкаў, якая пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць трох асобаў).

У сацыяльных сетках і на гарадзкіх інтэрнэт-сайтах актыўна абмяркоўваецца гэтае здарэньне. У камэнтарах часта паўтараюцца меркаваньні пра тое, што ДАІ не займаецца належным чынам сваёй справай. Маўляў, ДАІ не забясьпечыла належным чынам парадак падчас фэстывалю, хоць напярэдадні міліцэйскае кіраўніцтва абяцала захоўваць бясьпеку для грамадзян, працуючы ў тры зьмены і ў надзвычайным рэжыме.

Таксама абмяркоўваюць і тое, што матацыклісты-байкеры дужа часта парушаюць рэжым хуткасьці менавіта праяжджаючы па Маскоўскім праспэкце. На думку некаторых гараджан, тут варта забараніць праезд на матацыклах, асабліва ў начным часе, бо віцебскія байкеры часьцяком езьдзяць без глушыльнікаў. Гэтая праблема неаднаразова ўздымалася віцяблянамі, але адпаведнай рэакцыі з боку адказных асобаў так і не было.

Начальнік МУС Віцебскага аблвыканкаму Віктар Сянько, усьведамляючы рэзананс пра гэтае ДТЗ падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», заявіў, што разбор па факце гэтага здарэньня будзе кантраляваць асабіста.

Сьледчы Камітэт просіць відавочцаў дапамагчы сьледзтву і высьвятленьню ўсіх акалічнасьцяў трагедыі.

Віцебская міліцыя просіць гараджан дапамагчы і з нагоды іншага надзвычайнага здарэньня: у Віцебску шукаюць злачынцу, які пад вечар 8 ліпеня ўчыніў у дачыненьні да малалетняй дзяўчынкі незаконныя дзеяньні сэксуальнага характару. Затрымаць яго недалёка ад месца здарэньня спрабаваў хлопец, якога злачынца некалькі разоў раніў нажом. Падрабязнасьці здарэньня таксама апісваюць у сацыяльных сетках.

XS
SM
MD
LG