Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі сёньня праводзяцца вырашальныя абмеркаваньні па Грэцыі


Праэўрапейская дэманстрацыя каля грэцкага парлямэнту

Праэўрапейская дэманстрацыя каля грэцкага парлямэнту

У нядзелю ў Брусэлі працягнецца абмеркаваньне сытуацыі вакол грэцкага доўгу. Плянавалася тэрмінова склікаць саміт дзяржаваў эўразоны, але пазьней гэтае рашэньне было адмененае.

Напярэдадні міністры фінансаў эўразоны засядалі дзевяць гадзін і скончылі аналіз праблем позна ўвечары безь якіх-небудзь прыкметных зрухаў. Прапанаваныя грэцкім бокам захады строгай эканоміі, у абмен на выдзяленьне чарговага пакета фінансавай дапамогі, як паведамляе Бі-бі-сі, не задаволілі эўрапейскіх партнэраў. Раніцай у нядзелю зьявіліся паведамленьні пра тое, што Нямеччына нібыта падрыхтавала плян «часовага выключэньня» Грэцыі з зоны эўра.

Паводле кіраўніка эўрагрупы Еруба Дэйсэлблума, у суботу міністры абмеркавалі ня толькі прапановы Атэнаў, але і пытаньні «аўтарытэту і даверу», паведамляе «Нямецкая хваля». Разам з тым агенцтва Reuters прыводзіць словы міністра фінансаў Фінляндыі Аляксандра Стуба, які лічыць, што дасягнуты «добры прагрэс».

Міністры фінансаў краін эўразоны патрабуюць ад грэцкага ўраду больш глыбокіх рэформаў і дадатковых захадаў, якія ўмацоўваюць давер. Толькі пры выкананьні гэтых умоваў могуць быць працягнутыя перамовы аб «трэцім пакеце» фінансавай дапамогі Грэцыі, інфармуе «Нямецкая хваля».

Новы плян грэцкіх рэформаў, якія маюць на мэце скарачэньне бюджэтных выдаткаў, быў прадстаўлены прэм’ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам ў чацьвер, а ў суботу ухвалены грэцкім парлямэнтам. Аднак сярод парлямэнтарыяў ад яго партыі «СІРЫЗА» абвастрыліся рознагалосьсі: прыхільнікі жорсткай лініі — так званая «Левая плятформа» — пагражаюць у будучыні адмовіць Цыпрасу ў падтрымцы, калі ён пагодзіцца выканаць усе патрабаваньні міжнародных крэдытораў.

XS
SM
MD
LG