Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы сэктар» абвясьціў «баявую трывогу» з-за падзей у Мукачаве


©Shutterstock

©Shutterstock

Украінскі рух «Правы сэктар» абвясьціў, што падымае ўсіх сваіх прыхільнікаў па баявой трывозе ў сувязі з падзеямі ў закарпацкім горадзе Мукачава.

На сайце арганізацыі падкрэсьліваецца, што далейшае абвастрэньне сытуацыі там прывядзе да «незваротных працэсаў».

Сёньня ўдзень у Мукачаве завязалася перастрэлка. Паводле мясцовых СМІ, канфлікт узьнік паміж «Правым сэктарам» і людзьмі з акружэньня дэпутата Вярхоўнай Рады Міхаіла Ланё.

У страляніне забітыя трое нападнікаў. Таксама параненыя трое міліцыянтаў і чацьвёра цывільных. Прычынай нападу мог быць перадзел сфэер уплыву, напісаў у Facebook дэпутат Вярхоўнай Рады, дараднік міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка.

«Група ўзброеных асоб колькасьцю 15 — 20 чалавек прыехала на аб’ект, да якога быў датычны народны дэпутат Украіны, які мае за плячыма сумны вопыт 90-х гадоў, — Міхаіл Ланё», — сьцьвярджае Герашчанка.

«На месца канфлікту прыбылі нарады міліцыі, па якіх нападнікі адкрылі агонь з стралковай зброі і выпусьцілі некалькі гранат з гранатамётаў. Стрэламі з гранатамётаў нападнікі зьнішчылі два аўтамабілі міліцыянтаў», — паведаміў дараднік міністра Авакава.

Міністар унутраных спраў Арсен Авакаў напісаў у сябе на старонцы ў Facebook, што сярод пацярпелых — чацьвёра цывільных і тры супрацоўнікі міліцыі, а яшчэ два чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане. Пры гэтым людзей, якія супрацьстаяць міліцыі, ён назваў бандытамі.

У «Правым сэктары», дзе пацьвердзілі свой удзел у інцыдэнце, кажуць, што двое іх байцоў загінулі, чацьвёра былі параненыя.

XS
SM
MD
LG