Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіс Цыпрас гатовы саступіць у перамовах з крэдыторамі


Прэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас (у цэнтры) у парлямэнце краіны ў Атэнах, 10 ліпеня 2015 году

Прэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас (у цэнтры) у парлямэнце краіны ў Атэнах, 10 ліпеня 2015 году

Грэцкі парлямэнт ухваліў сур’ёзныя саступкі міжнародным крэдыторам.

Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас заявіў аб тым, што парлямэнт краіны даў яму мандат на вядзеньне перамоваў зь міжнароднымі крэдыторамі. Падчас гэтых перамоваў ён гатовы пайсьці на цяжкія для насельніцтва саступкі крэдыторам.

Прэм’ер-міністар зрабіў заяву раніцай у суботу пасьля начнога галасаваньня ў парлямэнце Грэцыі, дзе грэцкія парлямэнтарыі пераважнай большасьцю галасоў далі кіраўніку краіны санкцыю на дасягненьне пагадненьня з крэдыторамі на падставе новых прапановаў ураду, прадстаўленых у чацьвер. У новым пляне ўтрымліваюцца прапановы аб значным павышэньні розных падаткаў, паступовым ўздыме да 67 гадоў пэнсійнага ўзросту і іншых мерах, накіраваных на зьніжэньне дзяржвыдаткаў і павышэньне даходнасьці бюджэту. Многія з гэтых мераў утрымліваліся ў патрабаваньнях крэдытораў і былі адпрэчаныя большасьцю грэкаў падчас рэфэрэндуму 5 ліпеня.

Частка парлямэнтарыяў ад кіроўнай леварадыкальнай партыі «СІРЫЗА» адмовілася падтрымаць прэм’ер-міністра. Сам Цыпрас заявіў падчас дэбатаў у парлямэнце аб тым, што рэфэрэндум дапамог Грэцыі дамагчыся ад крэдытораў згоды сьпісаць або значна пралангіраваць частку даўгоў.

Міністры фінансаў 19 краінаў эўразоны абмяркуюць апошнія прапановы Грэцыі ў суботу. У нядзелю іх разгледзяць кіраўнікі 28 краінаў-сябраў Эўразьвязу. Грэцкі ўрад спадзяецца атрымаць ад эўрапейскіх і міжнародных крэдытораў 60 мільярдаў даляраў на працягу трох гадоў у абмен на ажыцьцяўленьне мераў, якія дапамогуць павысіць дзяржаўныя даходы на 13 мільярдаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG