Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна патрабуе зьмяніць схему дастаўкі «гуманітарнай дапамогі» на Данбас


Украіна настойвае на тым, каб схема дастаўкі гуманітарнай дапамогі з Расеі ў Данбас была зьмененая. Адпаведная прапанова ўжо адпраўленая ў расейскі МЗС, паведамляе газэта «Коммерсант».

Кіеў настойвае на тым, каб грузы з Расеі дастаўляліся на ўсход Украіны па чыгунцы. Цягнік павінен перасякаць мяжу ў раёне населенага пункту Таполі ў Харкаўскай вобласьці, а ў горадзе Купянск мусіць праводзіцца праверка грузу.

Пры гэтым справаздачу аб складзе грузу неабходна падаваць за тыдзень да адпраўкі, а ў даглядзе павінны прымаць удзел супрацоўнікі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа або іншай арганізацыі.

Неабходнасьць зьмены схемы ў Кіеве патлумачылі немагчымасьцю кантраляваць пастаўкі гуманітарнай дапамогі з Расеі. Дэпутат ад «Блёку Пятра Парашэнкі» Аляксандар Чарненка растлумачыў газэце, што Ўкраіну не задавальняе схема так званых гуманітарных канвояў, «таму што пад выглядам дапамогі на тэрыторыю краіны завозяць кантрабанду і зброю».

З пачатку канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны Расея адправіла ў Данбас больш за 30 так званых гуманітарных канвояў.

XS
SM
MD
LG