Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прапануюць выкрасьліць словы «муж» і «жонка» з фэдэральных законаў


Пасьля таго, як у канцы ліпеня Вярхоўны суд ЗША прызнаў аднаполыя шлюбы легальнымі на ўсёй тэрыторыі краіны, адпаведны законапраект быў прадстаўлены ў амэрыканскім Кангрэсе. Яго аўтарам стала прадстаўніца Дэмакратычнай партыі Лоіс Кэпс.

У дакумэнце ўтрымліваецца 31 папраўка да фэдэральных законаў, у якіх неабходна прыбраць паняцьці «husband» («муж») і «wife» («жонка») і ўвесьці тэрміны «spouse» («сужэнец», агульнае слова незалежна ад полу) і «married couple» (жанатая пара). «Нам трэба адлюстраваць нашы каштоўнасьці ў нашых законах. Гэта тое, што неабходна зрабіць, каб зьмяніць агульнае становішча рэчаў», — патлумачыла кангрэсмэнка, словы якой падае The Huffington Post.

Законапраект закліканы ўнесьці карэктывы ў фэдэральныя законы, у якіх утрымліваюцца прыкметы полавай дыскрымінацыі. Так, напрыклад, у Акце аб бясьпецы і здароўі шахтароў гаворыцца, што толькі жонкі працаўнікоў могуць атрымаць кампэнсацыю за траўму або сьмерць мужа ў шахце. Пасьля прыняцьця законапраекту Кэпс на выплаты зможа разьлічваць «сужэнец» работніка, незалежна ад яго ці яе полу.

Таксама прапануюцца зьмены ў закон аб прэзыдэнце ЗША, паводле якога лічыцца злачынствам забойства жонкі кіраўніка дзяржавы, але не яе або яго мужа. Як мяркуе партал The Washington Examiner, Кэпс і яе калегі па Дэмакратычнай партыі, якія працавалі над законапраектам, верагодна, думалі і аб сваім кандыдаце ў прэзыдэнцкай гонцы Гілары Клінтан. Выданьне адзначае, што ў выпадку яе перамогі на выбарах кіраўніка дзяржавы яе муж, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, паводле новага закону, атрымае статус ня «першай лэдзі», а «першага сужэнца».

«Мы цэнім ініцыятыву кангрэсмэнкі, якая павінна запэўніць усіх, што рашэньне Вярхоўнага суду будзе адлюстравана ў амэрыканскім заканадаўстве і ўсе шлюбныя пары роўныя перад законам», — падтрымаў Кэпс афіцыйны прадстаўнік кампаніі па абароне правоў чалавека Джэйсан Рахлан.

Як паведамляе агенцтва, зьмены ў заканадаўстве ЗША ў сувязі з паўсюднай легалізацыяй аднаполых шлюбаў адбываюцца і на мясцовым узроўні. У законах штату Вашынгтон слова «fisherman» («рыбак мужчынскага полу») замянілі на «fisher» («рыбак», без абазначэньня полу), а замест «journeyman plumber» («мужчына — памочнік сантэхніка») цяпер значыцца «journey-level» («памочнік сантэхніка», незалежна ад полу).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG