Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ААН выдала „рэцэпт на масавае забойства“ ў Срэбраніцы»


11 ліпеня ў Босьніі пройдуць памінальныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 20-х угодкаў разьні ў Срэбраніцы — забойства каля 8000 мусульманскіх мужчын і хлопчыкаў, схопленых сіламі басьнійскіх сэрбаў у 1995 годзе пасьля таго, як сэрбы занялі срэбраніцкі анкляў.

Алан Літл, колішні карэспандэнт Бі-бі-Сі, які працаваў у былой Югаславіі ў 1991-1995 гг., сказаў нашаму радыё, што тагачасныя масавыя забойствы можна было прадказаць і прадухіліць.

РС: Дзе вы былі ў ліпені 1995?

Алан Літл: Да майго вялікага жалю, у ліпені 1995 я пакінуў Босьнію і пераехаў у Афрыку. Я быў у Анголе па заданьні, і калі прачнуўся раніцай, пачуў па Бі-Бі-Сі, што сэрбскія войскі занялі Срэбраніцу. І я ведаў адразу, што гэта азначае катастрофу. Памятаю, што я патэлефанаваў у маю рэдакцыю ў Лёндане і сказаў: «Гэта катастрофа; будуць сотні забойстваў у бліжэйшыя два-тры дні, і мы павінны падняць шум вакол гэтага, таму што мы ўжо разумеем гэтую мадэль, мы ведаем, што бывае, калі такія анклявы, як Срэбраніца, здаюцца. Тое, што адбылося ў Срэбраніцы, адрозьніваецца толькі маштабам ад таго, што адбывалася на працягу чатырох гадоў ня толькі ў Босьніі, але і ў Харватыі за год да пачатку вайны ў Босьніі.

Тое, што было пададзенае ААН як пагадненьне аб раззбраеньні, было насамрэч пагадненьнем аб капітуляцыі, якое пакінула людзей Срэбраніцы цалкам неабароненымі ў іх анкляве.

У красавіку 1993 году, больш чым за два гады да падзеньня Срэбраніцы, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прыняла рэзалюцыю пра так званыя бясьпечныя зоны, і тады ў аэрапорце Сараева было падпісанае так званае пагадненьне аб раззбраеньні паміж генэралам Ратка Младзічам, камандзірам басьнійскіх сэрбаў, і Сэфэрам Халілавічам, камандзірам басьнійскай арміі. У гэты дзень мне стала ясна, што ў пагадненьні зьмяшчаецца зародак катастрофы, таму што тое, што было пададзенае Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый як пагадненьне аб раззбраеньні, было насамрэч пагадненьнем аб капітуляцыі, якое пакінула людзей Срэбраніцы цалкам неабароненымі ў іх анкляве. Насамрэч пагадненьне гаварыла аб раззбраеньні людзей у Срэбраніцы, пакідаючы лінію аблогі на месцы. І не было ніводнай спробы раззброіць сэрбскіх нацыяналістаў, якія абкладалі Срэбраніцу. Я меў вельмі моцнае адчуваньне, ужо ў красавіку 1993 — за два гады да разьні — што гэтае пагадненьне ўсяго толькі адсоўвала разьню.

РС: Саманта Паўэр, прадстаўнік ЗША ў ААН, была ў той час фрылансэрам і працавала на Washington Post. Яна таксама папярэджвала аб разьні і напісала пра гэта ў газэту. Але яе тэксту не апублікавалі. Ёй сказалі, што «гэта быў прагноз нечага, што мае адбыцца, а мы, маўляў, паслалі вас туды паведамляць пра тое, што адбываецца». Яна запытала рэдактара: «Такім чынам, мы будзем паведамляць пра генацыд, калі ён адбудзецца?» Я проста зьдзіўляюся, бо калі паводле правілаў прафэсіі журналісты ня могуць выказаць свайго меркаваньня, ня могуць напісаць папярэджаньня аб надыходзячай небясьпецы, то які сэнс у гэтай прафэсіі?

Алан Літл: Артыкул, які напісаў я, Бі-Бі-Сі не пусьціла ў эфір па тых самых прычынах — рэдактары ў Лёндане палічылі, што гэта ня быў рэпартаж, а маё прадузятае меркаваньне. (...)


Мы ведалі, што тое пагадненьне не датычыла раззбраеньня. Мы ведалі, што яно датычыла капітуляцыі. Мы ведалі, што гэта было вельмі небясьпечна. Але [функцыянэры ААН] вельмі спрытна пераканалі журналістаў у Нью-Ёрку — якія, не забывайце, у той час мелі справу з навінамі з Камбоджы, Анголы, Руанды і са шмат якіх іншых месцаў — ім удалося пераканаць карэспандэнтаў ААН, што гэта быў выдатны дыпляматычны трыюмф і прарыў, і так гэтая гісторыя пайшла па ўсім сьвеце. І я памятаю, што адчуваў сябе моцна падманутым і моцна прыгнечаным фактам, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прапіярыла гэтую катастрафічную рэзалюцыю Рады Бясьпекі з 1993 году ў якасьці дыпляматычнага трыюмфу. Гэта была ганьба, і я быў гэтым моцна прыгнечаны і шакаваны.


РС: Гэтая рэзалюцыя была фактычна пралёгам да таго, што адбылося ў ліпені 1995 году?

Алан Літл: Так, і рэч тут у тым, што мы дазналіся пра гэта не тады, калі катастрофа ўжо адбылася; мы ведалі ўжо тады, у 1993, што рэзалюцыя зьяўляецца пралёгам да разьні. Мы ведалі ўжо ў 1993, што рэзалюцыя выстаўляе людзей Срэбраніцы на помсту тых, якія абкладалі анкляў год да таго часу, а потым працягвалі яшчэ два гады, пакуль яго нарэшце не захапілі. Мы ведалі ў красавіку 1993 году, што рэзалюцыя ААН была рэцэптам на масавае забойства.

Срэбраніцкі анкляў, абвешчаны Радай Бясьпекі ААН у красавіку 1993 году «зонай бясьпекі», быў узяты арміяй басьнійскіх сэрбаў 11 ліпеня 1995. Згодна з агульнапрынятай у міжнароднай супольнасьці вэрсіяй, сэрбы забілі 7000-8000 няўзброеных басьнійскіх мужчын ва ўзросьце ад 13 да 77 гадоў, папярэдне вывезшы з анкляву на аўтобусах усіх жанчын.

XS
SM
MD
LG