Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары гарадзенскай вуліцы Солы жывуць без каналізацыі і дарогі


Вуліца Солы ў Горадні

Вуліца Солы ў Горадні

За сем гадоў, як вёска Солы стала гарадзенскай вуліцай Солы, для жыхароў нічога не зьмянілася: газ па-ранейшаму завозяць у балёнах, дарогу так і не заасфальтавалі, крамы няма, каналізацыі ніякай, а па ваду трэба хадзіць да крыніцы.

Вёска Солы, цяпер вуліца Солы, — на ўскрайку Горадні ў Кастрычніцкім раёне, пралягае яна ўздоўж Нёмана ва ўсходняй частцы гораду. Тут каля 40 дамоў, амаль ва ўсіх жывуць людзі. Праблему бытавой неўладкаванасьці жыхароў вуліцы Солы паднялі актывісты БХД, якія дайшлі сюды, зьбіраючы подпісы дзеля чарговай акцыі.

Мясцовы жыхар Антон распавядае пра беды свае і суседзяў, паказвае крыніцу, да якой сам ходзіць па ваду. Адзінае, што зрабілі ўлады Горадні за сем гадоў, — падправілі гэтую крыніцу. А ў астатнім жыхары вуліцы Солы нават не адчуваюць, што жывуць у эўрапейскім горадзе.

Крынічка, адкуль бяруць ваду жыхары Солаў

Крынічка, адкуль бяруць ваду жыхары Солаў

— Дабрацца сюды — вы самі бачылі, якая дарога. Абяцалі правесьці летась ваду, але прабілі сьвідравіну і сказалі, што вада непрыдатная для піцьця, і ўсё так і кінулі. Камунікацыяў за сем год ніякіх не падвялі. Праўда, маем тэлефоны. Крамы няма, дзіцячы садок — у горадзе. А гэта ад майго дома і да бліжэйшага прыпынку — кілямэтар.

Спадарыня Ала распавядае, як цяжка бяз водаправоду і газу: трэба ж мыць бялізну ды адзежу на ўсю сям’ю, купаць дзяцей. Ваду ў хату яна носіць з крыніцы. Спадарыня Ала ў адчаі і ня верыць, што на іхняй вуліцы можа нешта хоць калі зьмяніцца.

— Ужо неаднойчы пісалі мы лісты да начальства, асабліва наконт дарогі. Цяпер яе хоць параўнялі, а раней даводзілася ў ботах даходзіць да гарадзкога прыпынку і пераабувацца, каб ня сорамна было ў аўтобусе ехаць.

Жыхары вуліцы Солы

Жыхары вуліцы Солы

Яшчэ адзін жыхар кажа, што начальства зь імі шмат ніколі не размаўляла, а адказы заўсёды былі кароткія.

— Яны кажуць, што ў горадзе ёсьць яшчэ горшыя месцы, дзе жыве яшчэ больш людзей. Праўда, нам ад гэтага лягчэй не становіцца, што нехта жыве яшчэ горш, бо кожны павінен імкнуцца, каб жыць лепей.

А вось малады спадар, які таксама жыве на вуліцы Солы, абураецца эмацыйна і не ўяўляе, як можна ў ХХІ ст. у горадзе жыць у такіх умовах. Ён кажа, што ў шмат якіх вёсках людзі жывуць лепей, чым яны ў горадзе.

— Мой дзядуля жыве ў вёсцы Лунна Мастоўскага раёну — гэта за 40 кілямэтраў ад Горадні. І там у яго ўсе ўмовы: газ, вада ў хаце, іншыя камунікацыі, і дарогі ўсе асфальтаваныя. Дык гэта за 40 км ад Горадні. А мы жывем на гарадзенскай вуліцы і нічога гэтага ня маем..."

Актывісты БХД Сяргей Верамеенка і Мікола Баўсюк паказваюць, што вуліца Солы зусім не нагадвае гарадзенскую вуліцу

Актывісты БХД Сяргей Верамеенка і Мікола Баўсюк паказваюць, што вуліца Солы зусім не нагадвае гарадзенскую вуліцу

Актывіст БХД Мікола Баўсюк кажа, што, пабачыўшы гэта, напачатку разгубіўся: людзі, зь якімі ён размаўляў, скардзіліся на праблемы, але ў той самы час баяліся падпісваць паперы са скаргамі. Цяпер справа пайшла жывей. Людзі склалі калектыўны зварот да ўладаў з патрабаваньнямі заасфальтаваць дарогу, падвесьці газ, ваду і каналізацыю да хатаў, каб вуліцы стала насамрэч гарадзкой.

— Я яшчэ раз прыйшоў да высновы, што ўлада павінна абірацца і быць залежнай ад людзей, і толькі тады ўсё можа быць па-іншаму. А калі ўлада не падсправаздачная людзям, а адказвае толькі перад начальствам, якое сядзіць у добрых памяшканьнях, езьдзіць па добрых вуліцах — яны ніколі для людзей нічога рабіць ня будуць.

Мікола Баўсюк, актывіст БХД

Мікола Баўсюк, актывіст БХД

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG