Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Вера Бурлак


Вера Бурлак

Вера Бурлак

Вера Бурлак нарадзілася ў 1977 у Кіеве. Скончыла музычную школу па клясе фартэпіяна, філялягічны факультэт БДУ (2001). Кандыдат філялягічных навук (2005). Выкладае рускую літаратуру ў БДУ. Друкавацца пачала ў 2001. Аўтарка кніг паэзіі «За здаровы лад жыцьця!» (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, сумесна з мужам Віктарам Жыбулем), кнігі прозы «Творы соннага жанру» (2011), аўдыёкнігі "Phantom of the Literature«(2006). Кнігу «Дзеці і здані» (2012) склалі вершы, замалёўкі і п’ескі.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Прырода, нават «нежывая» (пішу «ў ёй» і да яе, і людзі — частка прыроды).

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Найлепшыя ўмовы: адзінота + спакой + нязвыклыя адчуваньні або фізычная праца.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Хацела б быць Льюісам Кэралам і напісаць яго кніжкі. Ёсьць яшчэ некалькі такіх аўтараў.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Маленькая разбойніца (Андэрсэн, «Сьнежная каралева»). Неяк чула ад іншых людзей: Піпі Доўгаяпанчоха (магчыма, часам так).

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Сярод многіх улюбёных ці вельмі цікавых у дадзены момант назаву Язэпа Драздовіча. З нядаўна чытанага цікавы Майрынк. Увогуле адкрыцьцяў шмат.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Кнігі па садаводзтве (рыхтуюся рабіць прышчэпкі ў садзе).

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Ангельская, украінская, польская; значна горш (але пачытаць на іх — аўтаматычна значыць палепшыць веданьне, таму пэрыядычна спрабую) — гішпанская, сэрбская, сярэднеэгіпецкая.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Творы соннага жанру», але і іншыя таксама нішто сабе.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Хацелася б, каб яны былі нечаканымі нават для мяне. Але каб былі.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

На доўгай вясковай дарозе.

XS
SM
MD
LG