Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў — Лаўрову: «пытаньне Крыму» будзе закрытае пасьля яго дэакупацыі


Аляксандар Турчынаў

Аляксандар Турчынаў

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў адзначае, што «пытаньне Крыму», пра «закрыцьцё» якога заяўлялі ў Расеі, можа быць закрытае толькі пасьля спыненьня акупацыі і вываду ўсіх расейскіх войскаў з паўвостраву.

Пры гэтым, адзначыў ён, расейскі Чарнаморскі флёт таксама павінен пакінуць Сэвастопаль з-за грубага парушэньня пагадненьня пра яго разьмяшчэньне.

А цалкам «пытаньне Крыму» можа быць вырашанае толькі пасьля аднаўленьня ўсёй сыстэмы ўкраінскай улады ў Аўтаномнай рэспубліцы Крым, дадаў ён.

«Кіраўніцтву Расеі трэба зразумець, што скрадзенае трэба вяртаць, і ніводная краіна, якая паважае сябе, ня будзе супрацоўнічаць са злачынцамі і злодзеямі. Крым стаў для Расеі каменем, які хутка цягне яе на дно», — прыводзіць словы Турчынава прэс-служба СНБА.

У чацьвер, 9 ліпеня, з падобнай заявай пра «пытаньне Крыму» выступіў міністар замежных справаў Украіны Павал Клімкін.

Пытаньне Крыму не закрытае для міжнароднай супольнасьці, яго акупацыя Расеяй ніколі ня будзе прызнаная міжнароднай супольнасьцю, заявіў ён.

Павал Клімкін

Павал Клімкін

«Ніводная дзяржава, для якой правы чалавека, міжнароднае права і міжнародная бясьпека — не пустыя словы, ніколі не прызнае расейскай акупацыі Крыму і тых злачынных рашэньняў, якія прыняла Расея», — падкрэсьліў міністр.

Так вядучыя ўкраінскія чыноўнікі пракамэнтавалі заяву кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова пра тое, што, на яго думку, «прыналежнасьць» акупаванага Крыму Расеі не абмяркоўваецца і «пытаньне з Крымам закрытае».

У сьвеце толькі ў некалькіх дзяржавах прагучалі заявы пра прызнаньне анэксіі Расеяй украінскага Крыму. Пасьля гэтай спробы Генэральная асамблея ААН прыняла 27 сакавіка 2014 году рэзалюцыю пра тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, якая пацьвердзіла падтрымку сувэрэнітэту, палітычную незалежнасьць, адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах, адзначыла незаконнасьць праведзенага ў Крыме і Сэвастопалі «рэфэрэндуму» 16 сакавіка 2014 году. За гэтую рэзалюцыю прагаласавалі 100 дзяржаваў-сябраў ААН, супраць былі толькі 11.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG