Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачата крымінальная справа па факце зьбіцьця 58-гадовай магіляўчанкі


Сьвятлана Іванюшава
Сьвятлана Іванюшава

Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу па выніках праверкі інфармацыі аб зьбіцьці 58-гадовай магіляўчанкі Сьвятланы Іванюшавай.

Справа расьсьледуецца па ч. 1 арт. 149 КК (наўмыснае прычыненьне менш цяжкіх цялесных пашкоджаньняў).

«Падставай для пачатку крымінальнай справы зьяўляецца працяглае расстройства здароўя пацярпелай», — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласьці Аксана Салянюк.

Падчас праверкі апытаныя супрацоўнікі Ленінскага РАУС, магілёўскага ІЧУ, магілёўскай абласной бальніцы — тых месцаў, дзе пасьля затрыманьня знаходзілася пацярпелая.

Асоба, якую маглі падазраваць у зьбіцьці пэнсіянэркі, пакуль не ўстаноўленая.

Магілёўскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту ў пачатку чэрвеня пачаў праверку інфармацыі аб зьбіцьці 58-гадовай жанчыны. Пацярпелая кажа, што была зьбітая ў міліцыі пасьля таго, як прыйшла скардзіцца на свайго зяця, але ў выніку яе саму затрымалі па падазрэньні ў дробным хуліганстве. Паводле жанчыны, яе зьбіў дзяжурны міліцыянт, які «ў парыве нэгатыўных эмоцый» нанёс ёй удары нагой па назе і рукой па галаве, у выніку чаго затрыманая атрымала пералом сківіцы з двух бакоў.

Начальнік Ленінскага РАУС Аляксандар Маскалёў заявіў, што камэры відэаназіраньня ў будынку райаддзела не зафіксавалі зьбіцьця пэнсіянэркі. Ён прывёў дадзеныя пра шматразовае прыцягненьне жанчыны да адміністрацыйнай адказнасці, у прыватнасьці за заведама ілжывае паведамленьне, што пацягнула прыняцьце мераў рэагаваньня міліцыяй, хуткай мэдычнай дапамогай, падразьдзяленьнямі па надзвычайных сытуацыях і іншымі спэцыялізаванымі службамі.

Акрамя таго, разглядаецца справа аб адміністрацыйным правапарушэньні супраць пэнсіянэркі. Паводле міліцыі, яна 5 чэрвеня ў фае інтэрната па вуліцы Будаўнікоў, 7, дзе знаходзіцца апорны пункт міліцыі, гучна крычала, нецэнзурна выказвалася, чым парушыла грамадзкі парадак і выказала відавочную непавагу да грамадзтва. 29 чэрвеня суд Ленінскага раёна Магілёва прыйшоў да высновы, што па справе ёсьць супярэчнасьці, якія робяць немагчымым разгляд яе па сутнасьці. Матэрыялы вернутыя ў Ленінскі РАУС для ліквідацыі недахопаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG