Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР і Валянцін Стэфановіч амаль сынхронна прадставілі вычарпальную аргумэнтацыю, чаму ўжо цяпер немагчыма разглядаць прэзыдэнцкія «выбары» ў Беларусі, прызначаныя на кастрычнік 2015 году, як свабодныя і справядлівыя.

У палітычным жыцьці Беларусі ад 2010 году не адбылося ніякіх істотных зрухаў да лепшага. А значыцца, так і не зьявіліся ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў. Інфармацыйнае поле, выбарчыя камісіі, працэс арганізацыі галасаваньня і падліку галасоў пасьля яго — усё гэта манапалізаванае адной палітычнай групай, а іншыя палітычныя групы (то бок, іхныя разгромленыя рэшткі) ні да чаго гэтага не дапускаюцца.

Перад нармальнымі выбарамі Беларусі была б патрэбная шырокамаштабная «размарозка» ў грамадзка-палітычным жыцьці, якая мусіла б уключаць як мінімум забесьпячэньне наступнага:

— Раўнапраўе дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, палітычная нэўтральнасьць (замест яўнай прапагандысцкай скіраванасьці) агульнанацыянальных дзяржаўных СМІ,

— Свабодная рэгістрацыя палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, адсутнасьць перашкодаў для іх нармальнай працы з насельніцтвам, допуск да СМІ,

— Вызваленьне палітычных вязьняў, зьняцьцё «судзімасьці» зь іх і з тых, хто быў вызвалены раней, каб яны маглі свабодна займацца легальнай палітычнай дзейнасьцю,

— Рэфармаваньне выбарчага заканадаўства, каб выбары і падлік галасоў былі празрыстымі і сумленнымі.

Гэта ня робіцца за месяц і нават за паўгоду, і да кастрычніка 2015 году ўлады, нават пры ўсім самым шчырым жаданьні, пасьпелі б хіба выпусьціць палітвязьняў (што важна і неабходна ў любым выпадку).

Удзел у цяперашніх «выбарах» для апазыцыі мае сэнс дзеля адзінай мэты: пацьверджаньня і дакумэнтаваньня пералічаных Валянцінам Стэфановічам і Радай БНР рэчаў. А гэта азначае два варыянты:

1) суцэльны актыўны байкот (што ў любым выпадку застаецца адзінай магчымай опцыяй для простых людзей),

альбо

2) сумленны праход усіх этапаў выбарчае кампаніі (наколькі гэта дапусьцяць улады), выкарыстаньне ўсіх агітацыйных магчымасьцяў, пратакаляваньне і публікацыя інфармацыі пра парушэньні, і абавязковае (!) зьняцьце «кандыдатуры» за тыдзень да дня галасаваньня.

Гэта было відавочна ўжо ў 2010 годзе (а найбольш мудрым палітыкам, як таму самаму Зянону Пазьняку, яшчэ ў 2006 годзе). Але ня бачыць гэтага цяпер можа ці зусім недалёкі чалавек, ці чалавек, які ў рамках гэтых «выбараў» перасьледуе мэты, якія хутчэй за ўсё супярэчаць беларускім нацыянальным інтарэсам.

Як адзначана ў заяве Рады БНР, Беларусь з 1996 году ня мае легітымна сфармаваных нацыянальных органаў улады, якія маглі б лічыцца законнымі і атрымаць паўнавартаснае прызнаньне ад міжнароднай супольнасьці. Ад прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ў Беларусі не было ніводных дэмакратычных прэзыдэнцкіх ці парлямэнцкіх выбараў.

Пасьля расфармаваньня Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня ў беларускім парлямэнце ніводным дэпутатам не прадстаўленыя палітычныя сілы, альтэрнатыўныя групе Лукашэнкі. Такога няма нават у такіх аўтарытарных краінах, як Вэнэсуэла, Азэрбайджан ці Іран: нават у гэтых краінах апазыцыя прысутнічае ў нацыянальных і рэгіянальных парлямэнтах. А ў Беларусі апазыцыі ў парлямэнце няма, хаця нават паводле так званых «афіцыйных вынікаў» так званых «выбараў» 2010 году апазыцыйныя кандыдаты нібыта атрымалі каля 10% галасоў выбарцаў.

Беларусі патрэбная маштабная дэмакратызацыя зьнізу даверху — свабодныя і дэмакратычныя перавыбары ва ўсе органы ўлады.

Пры гэтым, на маю думку, калі рабіць гэта паступова і плаўна, пачынаць трэба не з прэзыдэнцкіх выбараў, а з паўнавартасных свабодных плюралістычных выбараў у раённыя саветы. Адтуль, зьнізу, бясьпечней і «мякчэй» за ўсё было б пачынаць адраджаць рэальна дзейны дэмакратычны працэс, мэтай якога былі б ратацыя, кадравае абнаўленьне эліты і фармаваньне прадстаўнічых органаў улады ў выніку адкрытай і сумленнай грамадзкай дыскусіі і сумленнага галасаваньня.

Патрэбнае толькі жаданьне А. Лукашэнкі і ягонай групы падзяліцца, нарэшце, уладай у Беларусі і адказнасьцю за тое, што ў Беларусі адбываецца, зь беларускім народам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG