Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт BRICS абмеркаваў Данбас, Іран, тэрарызм і банк разьвіцьця


У расейскім горадзе Ўфе сёньня адбыўся саміт BRICS — аб’яднаньня, у якое ўваходзяць Бразылія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Па выніках саміту лідэры 5 краінаў прынялі дэклярацыю, у якой выказалі «глыбокую заклапочанасьць» з нагоды ўзброенага канфлікту ва ўсходняй Украіне.

Дакумэнт заклікаў абодва бакі — афіцыйны Кіеў і сэпаратыстаў — выконваць менскія пагадненьні, падпісаныя сёлета ў лютым.

Украіна і Захад абвінавачваюць Маскву ў падтрымцы сэпаратыстаў і наўпроставым удзеле расейскіх войскаў у баях у Данбасе.

Іранская ядзерная праблема была таксама на парадку дня саміту, які адбываўся паралельна зь перамовамі ў Вене па іранскай ядзернай праграме. Удзельнікі саміту ў Уфе выказалі ўпэўненасьць, што венскія перамовы прывядуць да заключэньня пагадненьня. У дэклярацыі адзначана, што гэтае пагадненьне «прызначанае для поўнага аднаўленьня даверу да выключна мірнага характару ядзернай праграмы Ірану».

Уладзімір Пуцін пахваліў Іран як «традыцыйнага і надзейнага партнэра» Расеі сёньня падчас перамоваў з прэзыдэнтам Ірану Хасанам Раўхані, які прысутнічаў на саміце ў Уфе.

Выступаючы на брыфінгу па выніках саміту, Пуцін заявіў, што краіны BRICS адзіныя ў барацьбе з тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў, пірацтвам, і тым, што ён назваў «адраджэньнем нацысцкай ідэалёгіі» — прыхаваная крытыка празаходняга кіраўніцтва Ўкраіны, якое прыйшло да ўлады пасьля адхіленьня летась ад улады прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Яшчэ адным пунктам у парадку дня ўфімскага саміту было стварэньне новага банку разьвіцьця, які будзе разьмешчаны ў кітайскім Шанхаі.

Пуцін заявіў, што банк будзе запушчаны ў наступным годзе з капіталам 100 мільярдаў даляраў і будзе ажыцьцяўляць «буйнамаштабныя праекты» у краінах BRICS.

Выступаючы ў Уфе 9 ліпеня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што ніхто з партнэраў Расеі ў BRICS ня выказаў нязгоду з анэксіяй Расеяй Крымскага паўвострава ў сакавіку 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG