Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК прапануе Цэнтравыбаркаму зрабіць тры крокі дзеля празрыстасьці выбараў


Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам з прапановай прыняць тры простыя рашэньні, каб падвысіць празрыстасьць выбараў. Паводле праваабаронцаў, дзеля гэтага ня трэба ўносіць зьмены і дапаўненьні ў Выбарчы кодэкс. Пытаньні можа вырашыць ЦВК у рамках сваіх паўнамоцтваў.

Па-першае, БХК прапануе публікаваць дадзеныя галасаваньня з разьбіўкай па выбарчых участках. Цяпер ЦВК публікуе толькі выніковыя дадзеныя пра галасаваньне з разьбіўкай па абласьцях і Менску.

Другая прапанова праваабаронцаў палягае ў тым, каб выдаваць назіральнікам на ўчастках завераныя копіі пратаколу аб выніках галасаваньня ў абавязковым парадку.

Цяпер Выбарчы кодэкс не забараняе назіральнікам атрымліваць засьведчаную копію. Але на практыцы ў большасьці выпадкаў участковыя камісіі адмаўляюць у гэтым — маўляў, яны не абавязаныя гэтага рабіць.

Па-трэцяе, БХК просіць усталяваць дакладную працэдуру падліку галасоў. Пры гэтым адзнака на кожным бюлетэні павінна абвяшчацца ўслых з дэманстрацыяй усім прысутным сябрам участковых камісіяў і назіральнікам.

Цяпер жа для падліку галасоў кожнаму сябру камісіі раздаецца пэўная колькасьць бюлетэняў, якія падлічваюцца адначасова. Пасьля падліку галасоў кожны сябра камісіі перадае старшыні камісіі на аркушы паперы лічбы з вынікамі падліку. Старшыня суміруе атрыманыя лічбы, уносіць у пратакол выніковыя лічбы. Пры такім спосабе кожны сябра камісіі ведае толькі тыя лічбы, якія былі ўстаноўленыя ім. І таму можа адказваць за дакладнасьць атрыманых вынікаў толькі па падлічаных ім самім бюлетэнях. Назіральнікі наагул ня маюць магчымасьці пераканацца ў правільнасьці падліку нават асобнымі сябрамі выбаркамаў.

У БХК упэўненыя, што крокі, якія імі прапануюцца, удасканаляць выбарчыя працэдуры, павысяць празрыстасьць і адкрытасьць выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG