Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску гастарбайтэры-будаўнікі пратэставалі супраць дрэннага хлеба


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 9 ліпеня ў Менску будаўнікі з Туркмэністану, Узбэкістану і Ўкраіны адмовіліся працаваць, бо іх не задаволіла якасьць ежы, якую ім прывезьлі на будоўлю.

Гэта адбылося недалёка ад гандлёвага цэнтру «Замак» і Палаца незалежнасьці, дзе ўзводзяцца будынкі амбасадаў Казахстану і Туркмэністану, перадае партал tut.by.

У пратэсьце ўзялі ўдзел каля 200 чалавек. Да пляцоўкі пад’ехалі два аўтобусы, і будаўнікі тут жа да іх пабеглі.

«Нас дрэнна кормяць, таму сёньня ня выйшлі на працу. А так усё добра, зарплаты своечасова выдаюць», — сказаў адзін з рабочых.

Усіх, хто ня ўлез у аўтобус, прадстаўнікі адміністрацыі будоўлі адвялі ўбок. «Мы ня можам нічога казаць, нас могуць за гэта пакараць», — нібы апраўдваючыся, сказаў рабочы.

Кіраўніцтва аб’екта адмовілася пракамэнтаваць сытуацыю. Пазьней агент па забесьпячэньні сказаў:

«Сёньня рабочыя заявілі, што ня будуць працаваць, пакуль ня будзе нармальнага хлеба. Дрэнны хлеб трапіўся, але не сапсаваны. Мякчэйшы быў, ці што, чым звычайна. Субпадрадчык тут закупляе хлеб з заводу. Рабочыя такія капрызныя і эмацыйныя папаліся. Не спадабалася ежа, прыйшлася ім не даспадобы».

Тыдзень таму, 2 ліпеня, каля 200 кітайскіх рабочых, занятых на будаўніцтве Добрускага кардоннага камбінату, дайшлі пешшу з Добруша ў Гомель, пратэстуючы супраць нявыплаты заробку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG