Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранты «Чорнай сотні» назвалі сьпіс «трызьненьнем вар’ятаў»: Мы ўсяго толькі прапагандуем расейскую культуру

абноўлена

Аляксандар Залдастанаў
Аляксандар Залдастанаў

«Большасьць беларусаў думае і гаворыць па-расейску. Мы прапагандуем расейскую мову і дбаем пра якасьць яе выкладаньня», — кіраўнікі арганізацыяў са створанага «Маладым Фронтам» «чарнасоценнага сьпісу» кажуць, што палітычных пытаньняў, а пагатоў зьвязаных з далучэньнем Беларусі да Расеі, у іхніх статутах няма.

«Малады Фронт» сабраў на сваім сайце зьвесткі пра «сто агмянёў крамлёўскай агрэсіі» ў Беларусі.

«У той час, калі ва Ўкраіне пасьля „Майдана“ расейская агрэсія перайшла ў адкрытую ваенную форму, у Беларусі акупацыя ўсё яшчэ працягваецца празь дзейнасьць безьлічы як афіцыйна зарэгістраваных, так і нелегальных прарасейскіх арганізацыяў», — пішуць маладафронтаўцы.

Кіраўнікі арганізацыяў з «Чорнага сьпісу», зь якімі пагутарыла Радыё Свабода, сказалі, што лічаць сьпіс бязглузьдзіцай, і выказалі перакананьне — такім чынам актывісты адпрацоўваюць замежныя грошы.

«Максымум, што робіць наша арганізацыя, — гэта ўмацаваньне спакою, стабільнасьці, міру і сяброўства ўсіх народаў, канфэсіяў і нацыянальнасьцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Калі мы будзем працягваць у тым жа самым рэчышчы, мы, відавочна, пазьбегнем тых непрыемнасьцяў, зь якімі сутыкнуліся нашы суседзі», — кажа Іван Корда, старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Русь».

Іван Корда патлумачыў, што арганізацыя дбае пра тое, каб «той мільён этнічных расейцаў, якія жывуць у Беларусі, глыбей разумеў культуру Беларусі, а беларусы ў сваю чаргу — разумелі расейскую нацыянальную культуру».

«Тым больш што апошнюю тысячу гадоў беларусы і расейцы былі заўсёды разам, а падзел адбыўся літаральна 20 гадоў таму. Але мы не разглядаем тэму прыяднаньня Беларусі да Расеі, таму што для гэтага патрэбная ўзаемная згода абодвух народаў. Наколькі мне вядома, ні Расея, ні Беларусь гэтую тэму не падымаюць», — сказаў Іван Корда і дадаў, што «Малады Фронт» як грамадзкая арганізацыя мае права выказваць сваё меркаваньне.

Апошнюю тысячу гадоў беларусы і расейцы былі заўсёды разам, а падзел адбыўся літаральна 20 гадоў таму

Кіраўнік Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Русское общество» Сяргей Моладаў сказаў, што прапаганда расейскай мовы і культуры — тое, чым займаецца ягоная арганізацыя, — гэта ніякім чынам не дэструктыўная дзейнасьць, а «Малады Фронт» распаўсюдзіў у Інтэрнэце трызьненьне:

«Гэты сьпіс — трызьненьне вар’ятаў, камэнтаваць яго ня бачу сэнсу. Ёсьць такі расейскі выраз „мелочь пузатая“ — дык вось так бы я назваў такія арганізацыі, што ствараюць такія сьпісы».

Сяргей Моладаў патлумачыў, што «Русское общество» займаецца падтрымкай расейскай мовы, прапагандай расейскай культуры і ўмацаваньнем грамадзка-духоўных сувязяў паміж Беларусьсю і Расеяй, але ў статуце арганізацыі няма нічога пра паглынаньне адной дзяржавы іншай.

«Мы ўсьведамляем, што ў Беларусі ёсьць праблема недастатковай распаўсюджанасьці беларускай мовы. Але справа ў тым, што мы расейскае аб’яднаньне, і таму мы прапагандуем расейскую мову. Напрыклад, мы заклапочаныя тым, што ў Беларусі кепска арганізаванае выкладаньне расейскай мовы, што людзі няправільна ўжываюць расейскую мову. Мы змагаемся за павышэньне якасьці адукацыі. Але гэта ня значыць, што мы змагаемся супраць чагосьці, мы ня супраць чагосьці беларускага. Але трэба ўлічваць, што пераважная большасьць насельніцтва Беларусі гаворыць і думае па-расейску. Я не сьцьвярджаю, добра гэта ці дрэнна. Гэта факт. Я лічу, што гэта справа беларускіх арганізацыяў — змагацца за беларускую мову».

І Сяргей Моладаў, і Іван Корда адзначылі, што каля 90% сябраў іхніх арганізацыяў — гэта грамадзяне Беларусі.

Старшыня Міжнароднага дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня «Горад без наркотыкаў» Пётар Шапко, які бярэ актыўны ўдзел у дзейнасьці вайскова-патрыятычнага клюбу «Казачы Спас», сказаў, што «Малады Фронт» абвінаваціў арганізацыі ў «адкрытай і прыхаванай падрыхтоўцы захопу Беларусі Расеяй», не разабраўшыся ў тым, чым менавіта яны займаюцца:

«Я гэтых людзей ня ведаю. Яны нас — таксама. Нейкія актывісты пішуць пра людзей, пра якіх яны нічога ня ведаюць. Гэта сьведчыць пра іх слабое інтэлектуальнае разьвіцьцё і пра іх чалавечыя якасьці».

Падобным чынам мяркуе Ігар Лякішаў, які ўзначальвае гарадзенскае аддзяленьне расейскай грамадзкай арганізацыі «Русская община»:

Мы за сяброўства паміж народамі і за адзінства Беларусі. І ніякіх антыўрадавых лёзунгаў у нас не было і быць ня можа

«Ім проста няма чаго рабіць, займаюцца абы-чым. Дзесьці ім нехта плоціць, і яны адпрацоўваюць гэтыя гранты. Гэтыя хлопцы проста мараць пра тое, каб тут запалала. Мы ўвогуле ня лезем у палітыку, ні пра якія анэксіі ці прыяднаньні нічога не гаварылі ніколі. Мы строга прытрымліваемся канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Наша мэта — падтрымка расейскай мовы і расейскай літаратуры. Мы за сяброўства паміж народамі і за адзінства Беларусі. І ніякіх антыўрадавых лёзунгаў у нас не было і быць ня можа».

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Тым часам сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што ўжо пачаў атрымліваць абураныя звароты ад прадстаўнікоў арганізацыяў, якія ўвайшлі ў «Чорны сьпіс»:

«Зьвярнуўся гамяльчук Валер Бандарэнка, які кіруе грамадзкім аб’яднаньнем „Рэгіён“. Піша, што „Малады Фронт“ — правакатары. Я стаў шукаць інфармацыю пра гэты „Рэгіён“ у інтэрнэце і прачытаў на regnum.ru, што гомельскі „Рэгіён“ нядаўна прынялі ў „Русский интернационал“. Дык а хто яны, калі не чарнасоценцы? Гэта ж канкрэтная „пятая калёна“. Так, яны не заяўляюць адкрыта, што яны за акупацыю, але яны і так адчуваюць сабе ў Беларусі, як у Расеі. Калі дзесьці зьбіраецца дзесяць маладафронтаўцаў, іх тут жа разганяе міліцыя. А казакі з аўтаматамі Калашнікава ладзяць шматлюдныя летнікі, праводзяць трэніроўкі пад расейскімі сьцягамі — і ўсё добра. Так, яны прыкрываюцца дбаньнем пра расейскую мову (як быццам бы ў Беларусі мала расейскай мовы!), расейскай культурай і перамогай над фашызмам. Усё тое самае, з чаго пачыналася анэксія Крыму і кровапраліцьце ў Данбасе».

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Неадназначную рэакцыю выклікала ўнясеньне ў «Чорны сьпіс» магілёўскага пошукавага клюбу «Віккру». Так, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што гэтая арганізацыя — найбліжэйшы партнэр таварыства і ня мае ніякага дачыненьня да насаджэньня «русского мира» ў Беларусі:

«У сьпісе, які стварыў „Малады Фронт“, ёсьць сур’ёзныя касякі. Напрыклад, там фігуруе магілёўскі пошукавы клюб „Віккру“, які займаецца пошукам парэшткаў тых, хто загінуў у Другую ўсясьветную вайну, а таксама арганізоўвае разам зь дзяржаўнымі органамі іх перапахаваньне і мэмарыялізацыю. Гэта адна з самых магутных недзяржаўных структураў на тэрыторыі Магілёўскай вобласьці».

Кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клюбу «Віккру» Мікалай Барысенка быў непрыемна ўражаны, калі даведаўся, што ягоная арганізацыя трапіла ў скандальны сьпіс. Ён лічыць, гэта адбылося ад неабазнанасьці актывістаў «Маладога фронту» што да дзейнасьці клюбу. Цяпер Мікалай Барысенка рыхтуе публікацыю статуту «Віккру» ў інтэрнэце, каб усе маглі пачытаць, якія мэты ставіць перад сабой гэтая арганізацыя:

«Мы не прапаведуем „русский мир“, але нашы байцы ляжаць у Расеі, а расейцы тут пагінулі. Хіба нам трэба далей па касьцях хадзіць? „Малады Фронт“ пра гэта не задумваецца. А мы працуем ужо 22 гады, за гэты час знайшлі і пахавалі належным чынам больш за 12 тысяч салдатаў. Я разумею, што казацкія арганізацыі ў сьпісе, дык мы і самі іх крытыкуем. Але нас за што?».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG