Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждуме прапануюць прыраўняць фастфуд да алькаголю


Абмежаваць рэкляму фастфуду, фактычна ўвёўшы да яе аднолькавыя патрабаваньні як да рэклямы алькаголю, прапанаваў дэпутат Дзярждумы Васіль Шастакоў. Пра гэта піша «Коммерсантъ».

Дэпутат з партыі «Адзіная Расея», вядомы таксама тым, што ў суаўтарстве з прэзыдэнтам РФ напісаў шэраг кніг па дзюдо, мае намер унесьці ў Дзярждуму папраўкі да закону «Аб рэкляме». Аўтар ініцыятывы прапануе ўдакладніць паняцьце прадуктаў з высокім утрыманьнем цукру, солі і насычаных тлушчаў і абмежаваць іх рэкляму.

Рэкляма фастфуду, паводле Шастакова, не павінна ўтрымліваць сьцьвярджэньня аб яго бясшкоднасьці і карыснасьці. Дэпутат прапаноўвае забараніць выкарыстаньне вобразаў непаўналетніх і зварот да іх. Рэкляму фастфуду, паводле задумы, мяркуецца забараніць у друкаваных выданьнях, аўдыё- і відэапрадукцыі для непаўналетніх, а таксама ў тэле- і радыёперадачах зь 7:00 да 22:00. Таксама рэкляма не павінна разьмяшчацца ў большасьці грамадзкіх месцаў, уключаючы шпіталі, школы, санаторыі, тэатры, цыркі.


Пад абмежаваньні могуць патрапіць газаваныя напоі, чыпсы, маргарын, кандытарскія вырабы і некаторыя віды каўбасаў.


Ініцыятыва ў выпадку яе прыняцьця, як лічыць Шастакоў, будзе садзейнічаць фармаваньню культуры рацыянальнага харчаваньня ў моладзі, што дапаможа захаваньню нармальнай вагі, а таксама ціску і паказьнікаў крыві. «Папраўкі фактычна прыраўноўваюць рэкляму фастфуду па ступені небясьпекі да рэклямы алькаголю», — заявіў аўтар ініцыятывы.

Гэта ня першая спроба абмежаваньня рэклямы фастфуду. Так, у лістападзе 2014 дэпутат ад фракцыі «Адзіная Расія» Алена Аршынава ўнесла на разгляд Думы папраўкі да закону «Аб рэкляме», якія прадугледжваюць забарону рэклямы газаваных напояў і прысмакаў у дзіцячых тэле- і радыёперадачах.

Са студзеня 2013 году ў Расеі дзейнічала поўная забарона на рэкляму алькагольнай прадукцыі ў СМІ і інтэрнэце. У сьнежні 2014 Дзярждума зьмякчыла забарону, дазволіўшы на тэлебачаньні і радыё па начах рэкляму віна, шампанскага і піва расейскай вытворчасьці

XS
SM
MD
LG