Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партрэт Лукашэнкі наклеілі на капот «капейкі»


Машына з партрэтам Лукашэнкі пакуль у гаражы

Машына з партрэтам Лукашэнкі пакуль у гаражы

Жыхар Магілёва наклеіў на сваю машыну партрэт «злога» Аляксандра Лукашэнкі — каб баяліся.

Выкладзены ў інтэрнэт ролік пра гэта стаў надзвычай папулярным.

На відэа аўтары ідэі называюць Лукашэнку «бацькам нашай дэмакратыі». Заяўляюць, што палітыкі ў іхнай задуме няма. Тым ня менш уладальнік «жыгуля-капейкі» ня можа пэўна сказаць, якая будзе рэакцыя ўладаў і ДАІ на незвычайна аформлены аўтамабіль.

Уладальнік машыны жыве на ўскрайку гораду. Хлопец з гумарам, але ў гутарцы з журналістам стараўся быць сур’ёзным. На пытаньне, чаму вырашыў гэтак аформіць сваё аўто, адказаў: «Гэта крэатыўна і незвычайна. Хацелася выдзеліцца з натоўпу».

«Мы неяк знайшлі ў інтэрнэце карцінку, толькі з выявай Пуціна на „Жыгулях“, і вырашылі свайго прэзыдэнта наклеіць, — апавядае пра гісторыю задумы Алег. — Цяпер во прасьцей памяняць капот, чым ададраць гэтую карцінку. А потым гэты капот павесіць на сьцяну як партрэт. Як эксклюзіў».

Хлопец зазначае, што нармальна ставіцца да Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы.

«Мне ён падабаецца. Краіна ж яшчэ не развалілася, таму — хто акрамя яго? І ці ня будзе горай пасьля таго, як ён сыдзе? Гэта ж невядома», — заўважае хлопец.

А ці можна, — пытаюся ў Алега, — разглядаць гэты праект як падтрымку дзейнага прэзыдэнта на выбарах?

«Вядома ж, гэта падтрымка нашага прэзыдэнта. Калі б мы хацелі каго другога падтрымаць, то мы б другога наклеілі. А так толькі яго — нашага роднага», — адказвае суразмоўца.

На пытаньне, чаму выбралі карцінку з выявай разьюшанага Лукашэнкі, Алег адказвае:

«Машына цяпер у нас магутная, і хацелі менавіта злога, каб баяліся».

Аўтаўладальнік прызнаецца: калі клеілі карцінку з Лукашэнкам, то пра выбары і ня думалі. Пра іх нагадалі ў камэнтарах тыя, хто прагледзеў ролік.

«Больш за ўсё мяне зьдзівіў камэнтар, што „Да выбараў гатовы!“. Пра іх жа нават і думкі не было. Цяпер давядзецца рыхтавацца да іх. Што тут рабіць?»

Алег кажа, што на адрамантаванай «капейцы» з наклееным на капоце партрэтам кіраўніка беларускай дзяржавы ён зьбіраецца ўдзельнічаць у аўтагонках. А ці варта выяжджаць на ёй у дзень выбараў, яшчэ ня вырашыў. Паглядзім, кажа, якая будзе рэакцыя на першы выезд.

«Наагул баюся пакуль выяжджаць з гаража ў горад. Непакоіць няведаньне, што будзе. Пакуль у камэнтарах пішуць толькі пазытыўнае. Кепскіх выказваньняў няма. Пыталіся ў камэнтарах, дзе можна набыць такую выяву. Людзі гатовыя ўжо выкласьці грошы за яе. Народу падабаецца. Паглядзім, што будзе далей.

Сябры, пабачыўшы машыну, сьмяяліся, але ніхто супраць нічога ня меў. Бацькі ж пакуль ня бачылі яе — дзякуй богу»,— кажа ўладальнік незвычайнай машыны.

Спрагназаваць рэакцыю ўладаў на свой незвычайны аўтамабіль Алег не бярэцца. Спадзяецца, аднак, што яна будзе таксама пазытыўная:

«Я спадзяюся, што гэта не супрацьзаконна. Тут жа нічога кепскага няма. Партрэты з гэтым чалавекам, да прыкладу, вісяць у кожнай навучальнай установе».

Алегава машына старэйшая за яго самога. Яна 1974 году выпуску. Хлопец зазначае: у рамонт «жыгуля» было ўкладзена столькі сродкаў, што цяпер яго мала хто наважыцца купіць. «Калі толькі капот прадаць асобна», — з гумарам заўважае суразмоўца.

XS
SM
MD
LG