Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест позвы на суд вам можа прыйсьці SMS. Няважна, ці вы яго атрымалі — суд адбудзецца і бяз вас


Кастусь Жукоўскі ў судзе

Кастусь Жукоўскі ў судзе

Рагачоўскі раённы суд аштрафаваў гомельскіх журналістаў-фрылансэраў.

Судзьдзя Рагачоўскага раённага суду Аляксандар Крайнікаў пакараў штрафамі гомельскіх журналістаў-фрылансэраў Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй — па 35 базавых велічыняў, што адпавядае 6 мільёнам 300 тысячам рублёў. Абаіх прызналі вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат» — паводле ч. 2 артыкула 22.9 КаАП.

Падставай для штрафу сталіся адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя начальнікам аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Рагачоўскага РАУС падпалкоўнікам міліцыі Юрыем Астаповічам.

У пратаколе, у прыватнасьці, гаворыцца: «12 траўня на пляцоўцы каля крамы „Прадмікс“ па вуліцы Багатырова ў г. Рагачове, ня маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасьці журналіста замежнага СМІ, Кастусь Жукоўскі ў групе з Натальляй Крывашэй праводзіў інтэрвію грамадзянаў, тым самым незаконна вырабіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта відэасюжэт пад назвай „Несалодкі смак крызісу. Чаму рагачоўская згушчонка застаецца на складах?“».

Паколькі далей у пратаколе складаназалежныя сказы бессыстэмна нанізваюцца адзін на адзін, то цытаваць яго не выпадае. Як вынікае з пратаколу, відэасюжэт быў прадэманстраваны 14 траўня «на тэлеканале „БелСат“ р. Польшча» (так пазначана ў пратаколе), а пазьней зьмешчаны на афіцыйным сайце — тым нібыта й парушана «патрабаваньне ч.4 артыкула 35 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“».

На судзе, які адбыўся 2 ліпеня, ані Жукоўскі, ані Крывашэй не прысутнічалі. Позваў яны не атрымалі. Як патлумачыў судзьдзя Крайнікаў службе маніторынгу ГА «БАЖ», паводле інструкцыі па справаводзтве суд «мае права паведамляць пра паседжаньні з дапамогай SMS-паведамленьняў».

Натальля Крывашэй

Натальля Крывашэй

«Нічога іншага, апрача штрафаў, — камэнтуе вырак Натальля Крывашэй, — чакаць ад судоў не выпадае. У краіне крызіс. І спэцслужбы, міліцыя разам з судамі знайшлі адносна лёгкі спосаб папаўненьня бюджэту — праз штрафы грамадзкім актывістам і журналістам-фрылансэрам. Суд нават не зьвярнуў увагі на тое, што аўтар відэасюжэту пра рагачоўскую згушчонку — Ян Бабіцкі, а ня я з Жукоўскім».

Спадарыня Крывашэй згадала таксама, што ч.4 артыкула 35 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» тычыцца забароны прафэсійнай дзейнасьці ў Беларусі журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі, але яна не зьяўляецца штатным журналістам-замежнікам, бо ня мае працоўнай дамовы ані зь «Белсатам», ані з кім яшчэ. Як грамадзянка Беларусі яна часам зьбірае і распаўсюджвае інфармацыю — такое права ёй гарантуюць Канстытуцыя і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала беларуская дзяржава.

Натальлю Крывашэй сёлета чацьвёрты, а Кастуся Жукоўскага — сёмы раз караюць штрафамі па аналягічных адміністрацыйных справах. Агулам Натальля мусіць сплаціць у бюджэт 24,3 мільёна, а Кастусь — 31,5 мільёна рублёў.

Усяго сёлета ў Беларусі за збор і распаўсюд інфармацыі журналістаў-фрылансэраў штрафавалі 24 разы. Сума штрафаў перавысіла 129 мільёнаў рублёў.

З гэтай прычыны праўленьне ГА «БАЖ» зрабіла заяву, у якой гаворыцца:

«Міліцыя й суды насуперак Закону „Аб СМІ“ пашыраюць абавязак атрыманьня акрэдытацыі ў МЗС на журналістаў-фрылянсэраў, якія не зьяўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасьць без акрэдытацыі да парушэньня парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ».

XS
SM
MD
LG