Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе знайсьці антыкарупцыйных дэтэктываў


8 ліпеня пачаўся першы этап адбору кандыдатаў на пасаду дэтэктываў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны. Зрэшты, экспэрты ўжо цяпер выказваюць сумневы ў магчымай эфэктыўнасьці працы гэтага органа. Бо яна немагчымая без супрацоўніцтва з будучым падразьдзяленьнем Генпракуратуры — Спэцыяльнай антыкарупцыйнай пракуратурай. Стварэньне яе адбываецца недастаткова актыўна, прычым на тых заканадаўчых нормах, якія не гарантуюць незалежнасьці, адзначаюць спэцыялісты.

Усяго ў першым этапе адбору, які працягнецца да 17 ліпеня, возьмуць удзел каля 2000 кандыдатаў. Іх будуць тэставаць на веданьне заканадаўчай базы. На наступных этапах адбудзецца тэставаньне агульных здольнасьцяў і псыхамэтрычных характарыстык. Пасьля гэтага лепшых прэтэндэнтаў па выніках тэстаў запросяць на сумоўе. Цяпер адкрыта 100 вакансій дэтэктываў. Да працы ў антыкарупцыйным бюро спрабуюць прыцягнуць як мага больш маладых людзей, якія раней не працавалі ў сыстэме.


«Я прыняў рашэньне не вылучаць вельмі высокіх кваліфікацыйных патрабаваньняў да дэтэктываў, каб даць магчымасьць праявіць сябе і маладым пэрспэктыўным людзям, — кажа кіраўнік ведамства Арцём Сытнік. — Гэта значыць, кваліфікацыйныя патрабаваньні да дэтэктываў — гэта вышэйшая юрыдычная адукацыя і два гады юрыдычнага стажу — не абавязковыя ў праваахоўных органах».


Арцём Сытнік заўважае, што ўдзельнікам антытэрарыстычнай апэрацыі і кандыдатам зь веданьнем ангельскай мовы, якія будуць удзельнічаць у конкурсе, будуць аддаваць перавагу пры наборы.


«Ня цацкі»


Але моладзь бяз досьведу працы ў праваахоўных органах у дэтэктыўнай дзейнасьці можа аказацца малаэфэктыўнай, лічыць адвакат Алег Мыцык.


«Гэта ня цацкі. Трэба выяўляць, зьбіраць інфармацыю, мець інфарматараў высокага ўзроўню, зьберагчы інфармацыю аб тых інфарматарах, паколькі іх на памыйніцы заўтра знойдуць, задакумэнтаваць, усталяваць таемную апаратуру ў памяшканьні, выявіць маёмасьць карупцыянэра, запісаную на іншых асобаў, выявіць рахункі ў банках», — адзначае Мыцык.


Зрэшты, сапраўдныя цяжкасьці ў працы антыкарупцыйных бюро могуць узьнікнуць па іншых прычынах, мяркуе адзін з былых кандыдатаў на пасаду кіраўніка гэтага ведамства, адвакат Мікалай Сіры. Ён нагадвае, што працэсуальнае суправаджэньне расьсьледаваньняў павінна ажыцьцяўляць спэцыяльная Антыкарупцыйная пракуратура, стварэньне якой адбываецца занадта павольна, а прынятыя парлямэнтам нормы яе фармаваньня ставяць пад сумнеў незалежнасьць структуры ад Генэральнай пракуратуры.


«Палітычная эліта адкрыта асьцерагаецца»


«Паралельна з конкурсам на пасаду старшыні Антыкарупцыйнай бюро меўся адбывацца адбор і ў спэцыялізаваную Антыкарупцыйную пракуратуру. Палітычная эліта адкрыта асьцерагаецца, таму робіць усё, каб фармальна гэтыя органы існавалі, забясьпечвалі піяр, але фактычна былі кіраванымі і падкантрольнымі, і не былі паўнавартасна незалежнымі», — заяўляе Сіры.

Зьменамі ў закон «Аб пракуратуры», нядаўна прынятымі Вярхоўнай Радай, вызначана, што кіраўнік Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры падпарадкоўваецца непасрэдна Генпракурору. Прызначэньне на адміністрацыйныя пасады ў Антыкарупцыйную пракуратуру таксама ажыцьцяўляецца генэральным пракурорам Украіны.

XS
SM
MD
LG