Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не дала прызнаць разьню ў Срэбраніцы генацыдам


Фота Пуціна ў пакінутым доме ў Босьніі і Герагавіне

Фота Пуціна ў пакінутым доме ў Босьніі і Герагавіне

Расея выкарыстала права вэта пры галасаваньні ў Радзе бясьпекі ААН па рэзалюцыі аб прызнаньні генацыдам масавага забойства мусульман у Срэбраніцы ў ліпені 1995.

Падчас вайны ў Югаславіі ў пачатку 1990-х Расея падтрымлівала басьнійскіх сэрбаў і Сэрбію. Праект рэзалюцыі, прапанаваны Вялікабрытаніяй, асуджаў зьверствы ў Срэбраніцы і заклікаў прадухіліць генацыд па ўсім сьвеце.

У рэзалюцыі гаварылася, што «ацэнка трагічных падзей у Срэбраніцы як генацыду зьяўляецца неабходнай умовай для прымірэньня» і асуджае адмаўленьне генацыду. Лідэры басьнійскіх сэрбаў адмаўляюцца прызнаць забойства тысяч мусульманскіх мужчын і юнакоў у раёне Срэбраніцы ў ліпені 1995-га генацыдам. Улады Сэрбіі раней зьвярталіся да расейскага кіраўніцтва не дазволіць зацьвердзіць гэтую рэзалюцыю ў ААН.

Намесьнік прадстаўніка Расеі ў ААН Пётр Ільічоў заявіў, што рэзалюцыя «выклікае рознагалосьсі» і ўскладае адказнасьць толькі «на адзін бок канфлікту.»

Босьнія і Герцагавіна рыхтуецца да мэмарыяльных мерапрыемстваў у памяць аб разьні ў Срэбраніцы 11 ліпеня. Адказнасьць за масавае забойства была ўскладзена на войскі басьнійскіх сэрбаў. Міжнародны суд ААН у Гаазе кваліфікаваў падзеі ў Срэбраніцы як генацыд.

Расея была адзінай краінай, якая галасавала супраць рэзалюцыі. Падчас галасаваньня ўстрымаліся Вэнэсуэла, Нігерыя, Ангола і Кітай. За рэзалюцыю прагаласавалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Гішпанія, Літва, Новая Зэляндыя, Чылі, Малайзія, Ярданія і Чад.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG