Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы: людзі аднаго ўзросту старэюць з рознай хуткасьцю


111-гадовы японец Сакары Момоі - найстарэйшы мужчына на сьвеце

111-гадовы японец Сакары Момоі - найстарэйшы мужчына на сьвеце

Людзі, якія нарадзіліся ў адзін і той жа год, старэюць з рознай хуткасьцю, гаворыцца ў дакладзе міжнароднай групы дасьледнікаў, апублікаваным у часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences, піша Бі-бі-сі.

Навукоўцы вялі назіраньне за 954 людзьмі з аднаго новазэляндзкага гораду. Усе яны нарадзіліся ў 1972-73 гадах.

Дасьледнікі фіксавалі паказаньні 18 біялягічных маркераў, калі ўдзельнікам экспэрымэнту было 26, 32 і 38 гадоў. Навукоўцаў цікавілі стан нырак і печані, узровень халестэрыну і іншыя падобныя паказальнікі.

Аналіз атрыманых вынікаў паказвае, што ў 38 каляндарных гадоў біялягічны ўзрост некаторых удзельнікаў дасьледаваньня адпавядаў усяго 28 гадам, у той час як у іншых ён набліжаўся да 60 гадоў.

Вынікі дасьледаваньня паказваюць, што некаторыя людзі за 12 гадоў, на працягу якіх працягвалася дасьледаваньне, практычна не пастарэлі, іншыя ж удзельнікі за кожны пражыты рэальна год біялягічна старэлі амаль на тры гады.

Тыя, у каго біялягічны ўзрост перавышаў каляндарны, дрэнна праходзілі тэсты, якія звычайна даюць пажылым людзям — на каардынацыю рухаў і лягічнае мысьленьне. Цяжэй ім даваліся і фізычныя намаганьні.

У большасьці людзей, аднак, біялягічны ўзрост адрозьніваўся ад каляндарнага ўсяго на некалькі гадоў.

Пакуль незразумела, ці захоўваецца дынаміка працэсу біялягічнага старэньня чалавека на працягу ўсяго жыцьця, ці ў розныя пэрыяды хуткасьць старэньня адрозьніваецца.

«Ва ўсіх выпадках, калі мы бярэм каляндарны ўзрост за крытэр, мы зьдзяйсьняем памылку. Калі б мы грунтаваліся на біялягічным узросьце, то наша грамадзтва было б больш справядлівым і эгалітарным» — сказала ў інтэрвію Бі-Бі-Сі прафэсар Тэры Мофіт з Унівэрсытэту Д’юка ў ЗША.

Прафэсар Мофіт лічыць, напрыклад, што несправядліва змушаць сыходзіць на пэнсію людзей, якія, з гледзішча іх біялягічнага ўзросту, знаходзяцца ў поўным росквіце сіл.

XS
SM
MD
LG