Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непаліткарэктная сацыялёгія: на чым не акцэнтуюць увагу?


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Калі я чарговы раз бачу ў сацсетках ныцьцё пра «баязьліўства і апатычнасьць» беларусаў, я спрабую ўявіць сабе гэтых людзей, нашых суайчыньнікаў.

І тых, хто ные, і тых, пра каго гаворка. Напрыклад, калісьці была інфармацыя, што 49% не гатовыя ваяваць за незалежнасьць, а маюць такі намер толькі 25%.

Але прабачце, мне не даюць інфу пра пол і ўзрост гэтых 49%. Я магу падказаць, хутчэй за ўсё большасьць гэтых 49% – жанчыны, і далёка ня юныя. Не зьдзіўлюся, калі 25% будуць збольшага складацца з мужчын працаздольнага веку.

І гэта нармальна. Гэта нармальна, калі маці траіх дзяцей, якая круціцца на дзьвюх работах, кажа, што ні з кім ваяваць не зьбіраецца ні пры якіх умовах. І наадварот, мужчына псыхалягічна рыхтуецца бараніць сваю сям'ю ад патэнцыйных інтэрвэнтаў.

Калі я чытаю пра «60% за Пуціна», я ўзгадваю пра мільён мужчынаў на заробках за мяжой. А гэта кожны чацьверты працаздольнага веку, і кожны другі мужчына дапэнсійнага ўзросту. Кожны другі! І я разумею, што калі б яны былі на радзіме, то сацыялягічныя апытаньні былі б зь іншымі вынікамі. Бо гэта самастойныя людзі, якія бачаць сьвет рэальна, а не праз прызму тэлевізара, як большасьць тых адэптаў Пуціна, на мой погляд.

Ці, напрыклад, калі чытаю інфармацыю пра 60% беларусаў, якія ніколі не пакідалі межы краіны. Там жа не распавядаюць, што гэта практычна ўсе вясковыя пэнсіянэры, якія складаюць каля 17% ад усіх насельнікаў, і больш за 20% выбарнікаў краіны.

Гэта тыя бабулі і дзядулі, чыімі мовай і памяцьцю мы захапляемся. Тыя людзі, якія толькі ў 1974 годзе выйшлі з фактычнага рабства, атрымаўшы пашпарты. Якія гарбаціліся ўсё жыцьцё за тры капейкі, і зьезьдзіць «на юга» маглі сабе дазволіць нямногія. Што казаць пра «далёкае замежжа», якое насамрэч пачынаецца бліжэй, чым тыя «юга». Гэта людзі, у якіх апроч тэлевізара няма аніякага сацыяльнага досьведу па-за калгаснымі палеткамі.

«Беларусы падтрымалі Пуціна!». Як жа: усе шчыльнымі радамі выйдуць як адзін адстойваць свае інтарэсы?! Не. Зрабіце коміка Петрасяна кандыдатам у прэзыдэнты Касьмічнага Саюзу Сацыялістычных Галяктык, і гэтаксама ўбачыце 60% ТВ-залежных людзей зь мінімальным сацыяльным досьведам і жыцьцёвым кругаглядам.

Яшчэ ў сацыялягічных выкладках мне бракуе інфармацыі пра крыніцы даходаў тых, каго апытваюць. Паводле маіх аматарскіх прыкідак, грошы ў казну дае менш за мільён з тых, хто жыве ў Беларусі. Траціна – непаўнагадовыя, траціна – пэнсіянэры, мільён у разьездах, каля дзьвюхсот тысяч у пагонах, сельская гаспадарка на датацыі, заводы-фабрыкі, за рэдкім выключэньнем, існуюць зь дзяржпадтрымкі.

Калі сацыялёгія закліканая дапамагчы зразумець карціну грамадзтва, названыя нюансы вельмі важныя. Толькі так мы можам убачыць, што насамрэч гэтыя «60% за Пуціна» калі і выйдуць пратэставаць, дык на кухню з тэлевізійным пультам у руках супраць адключэньня любімага канала «про хохлов».

І ўжо дакладна нашыя «сьвідзецелі целявізара» ня будуць кідацца пад БТР, як гэта рабілі на Данбасе на самым пачатку вайны ва Ўкраіне.

Усе разумеюць, што рэальную вагу сацыялягічных дасьледаваньняў могуць ацаніць толькі спэцыялісты. Але вынікі ў адаптаваным выглядзе публікуюць і для паспалітага люду. Мяркую, што лічбы са знакам працэнтаў маюць сэнс толькі з кантэкстам і бэкграўндам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG