Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ заклікае спыніць ціск на журналістаў-фрылансэраў


Зьезд БАЖ у Менску, 2012 год, ілюстрацыйнае фота

Зьезд БАЖ у Менску, 2012 год, ілюстрацыйнае фота

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала рашучы пратэст у сувязі з узмацненьнем адміністрацыйнага перасьледу журналістаў-фрылансэраў, матэрыялы якіх зьяўляюцца ў замежных СМІ.

З пачатку 2015 году суды ўжо 22 разы штрафавалі журналістаў (за ўвесь 2014 год такіх выпадкаў было 10). Агульная сума штрафаў, прысуджаных журналістам у 2015 годзе, ужо склала больш за 117 млн рублёў.

«Прыцягненьне да адказнасьці журналістаў-фрылансэраў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі парушае Канстытуцыю і міжнародна-прававыя абавязаньні Рэспублікі Беларусь. Артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам права на атрыманьне, захаваньне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі... Пра гэтае ж права гаворыцца і ў артыкуле 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь», — гаворыцца ў заяве.

БАЖ зьвяртае ўвагу, што ў сёньняшнім глябальным сьвеце перасьлед журналістаў за зьяўленьне іх матэрыялаў у замежных СМІ парушае ня толькі канстытуцыйныя і прафэсійныя правы журналістаў, але і права ўсіх грамадзян на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі.

«Напярэдадні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь узмацненьне ціску на журналістаў стварае вельмі неспрыяльны фон для выбарчай кампаніі і ставіць пад сумнеў свабоду яе асьвятленьня ў СМІ», — адзначае БАЖ.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае:

— кіраўніцтва МУС і КДБ — разгледзець правамернасьць дзеяньняў сваіх супрацоўнікаў па названых вышэй справах;

— суды Рэспублікі Беларусь — пры разглядзе адміністрацыйных спраў кіравацца Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі дамовамі Рэспублікі Беларусь; не дапускаць пашыральнага тлумачэньня актаў заканадаўства краіны, якія вызначаюць адказнасьць;

— Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь — зьвярнуць увагу на безумоўнае выкананьне судамі законаў і захаваньне герархіі прававых актаў, а таксама на незалежнасьць судоў пры вынясеньні судовых пастаноў;

— Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, пракурорскіх работнікаў — апратэставаць не адпаведныя заканадаўчым актам пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь;

— Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь — распачаць вытворчасьць па справе аб ліквідацыі прабелаў, выключэньні калізіяў і прававой нявызначанасьці ў нарматыўных прававых актах, якія рэгулююць атрыманьне і распаўсюд грамадзянамі Рэспублікі Беларусь інфармацыі, у тым ліку незалежна ад дзяржаўных межаў.

XS
SM
MD
LG