Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлетні ўраджай згарэў. Гаспадаркі падлічваюць страты


Жытнёвыя палі ля Магілёва. Калі б дажджы, то збожжа дало б добры ўраджай

Жытнёвыя палі ля Магілёва. Калі б дажджы, то збожжа дало б добры ўраджай

Празь сьпёку на Магілёўшчыне збожжавыя культуры жнуць на корм жывёле.

На Магілёўшчыне, асабліва ў паўднёвых раёнах, анамальная сьпёка зьнішчыла да паловы ўраджаю зерневых культур. Пра гэта кажуць спэцыялісты сельскай гаспадаркі. У некаторых аграгаспадарках пашкоджанае збожжа ўжо жнуць, каб пусьціць на корм жывёле. Выгарэла ад сьпёкі і трава, якая ішла на фураж. Гаспадаркі падлічваюць страты і чакаюць дажджоў.

У гаспадарках Бабруйскага раёну не хаваюць, што сёлетні ўраджай будзе значна меншым, чым леташні. Глеба абязводжаная і каласавыя выгараюць, прызнаюць спэцыялісты. Нядаўні дождж сытуацыю да лепшага не зьмяніў.

«Ураджай — трыццаць працэнтаў ад леташняга. Пагарэла ўсё», — зазначае намесьнік кіраўніка аднаго зь сельгаспрадпрыемстваў Бабруйскага раёну.

«Дажду не было амаль паўтара месяцы, — працягвае ён. — Учора маленькі прайшоў, але для зерневых гэта ўжо як нябожчыку прыпарка. Яны ўжо згарэлі. Зерне не налілося. Саломіна высахла. Няма ад чаго яму налівацца.

Сёлета ў нас усяго хапала. Сонца хапала. Усе тэхналёгіі былі выкананыя. Нягледзячы на цяжкое фінансавае становішча, мы і ўгнаеньні ўнесьлі, але Бог чамусьці ад нас адвярнуўся. Ня даў нам вады», — наракае суразмоўца.

Жытнёвыя палі ля Магілёва

Жытнёвыя палі ля Магілёва

У суседнім Глускім раёне сытуацыя падобная. Галоўны аграном адной з мясцовых гаспадарак заяўляе адназначна: «Ураджаю сёлета ня будзе».

«Мы спадзяваліся, што яшчэ крыху падцягнуцца зерневыя, калі б дождж пайшоў, але яго ў нас наагул не было. Мо з азімых ураджаю будзе крыху, а зь яравых — ня будзе. І ня ведаем, дакуль у нас гэта сьпёка будзе», — бядуе спэцыялістка.

Разам зь зерневымі пагарэлі і травы. Мала нарыхтавалі кармоў на зіму, прызнаецца аграном:

«Вось цяпер стаім на заліўных лугах, і ў параўнаньні зь мінулымі гадамі нават паловы няма травы, што раней касілі. Усё пагарэла. Колькі працую, такога ня бачыла».

На ўсходзе Магілёўшчыны дождж прайшоў, але карысьці вялікай ён ня даў. З пасеянага нешта зьбяром, — кажа аграном адной з гаспадарак Хоцімскага раёну, але няшмат:

«У нас дождж прайшоў, а што ён цяпер дасьць. Зерне пачало ўжо сохнуць на карані. А трава ўжо пагарэла, што была».

Фэрмэр з Дрыбінскага раёну адзначае: месяц таму спадзяваўся на добры ўраджай, аднак, працяглая суша змусіла пераглядзець прагнозы:

«Калі б зь месяц таму дождж прайшоў, то быў бы хлеб прыкладна 50-70 цэнтнэраў з гектару, а так будзе дзесяць, дваццаць. Страты будуць немалыя. Хімія, угнаеньні, салярка... За ўсё плацілі».

Што да кампэнсацыі стратаў, то фэрмэр яе не чакае:

«Калгасам, саўгасам — гэта як звычайна: нешта сьпішуць, дапішуць, а вось фэрмэрам — наўрад ці».

Эканаміст Андрэй Юркоў канстатуе: сытуацыя з-за працяглай адсутнасьці дажджоў сапраўды складаная. Экспэрт зазначае, што акрамя стратаў зерневых, гаспадаркі маюць немалы клопат, дзе назапасіць кармоў для жывёлы:

Андрэй Юркоў

Андрэй Юркоў

«Цяпер дужа крытычная сытуацыя. Ратуюцца, хто як можа. Ужо цяпер даводзіцца яравое касіць, каб карміць худобу, бо пасьці няма дзе. Збожжа — гэта ж для звышвысокіх паказчыкаў, яго на ежу хопіць, але, каб каровы перажылі зіму, іх жа трэба карміць. Праблема вельмі вострая. Яе, аднак, пакуль не агучваюць», — даводзіць Андрэй Юркоў.

На пытаньне: «Чаму праблема замоўчваецца?» — эканаміст адказвае:

«Ніхто з афіцыйных асобаў ня хоча хвалю крытыкі на сябе выклікаць. Усе ж гады быў рост. І летась гэтак добра ўсё склалася, што ўраджай быў ледзьве ня лепшы за апошнія дваццаць год, а сёлета гэтага ўжо ня будзе. Гэта ж ніхто ня хоча прызнаць першым».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на Магілёўшчыне празь сьпёку пацярпелі больш за 28 тысяч гектараў зерневых і зернебабовых культур. 12 тысяч зь іх ужо зжалі на фураж. Заяўляецца, што такой сушы ў чэрвені не было гадоў семдзесят.

XS
SM
MD
LG