Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея зладзіла раптоўную праверку боегатоўнасьці на вайсковай базе ў Армэніі


Праверка пачалася сёньня на 102-й расейскай вайсковай базе, дысьлякаванай у горадзе Гюмры ў Армэніі.

Мэта праверкі — «аб’ектыўна ацаніць стан боегатоўнасьці аддзелаў і даць практыку камандзірам і ўсяму асабоваму складу базы ў выкананьні задач па прызначэньні», паведамляецца на сайце міністэрства абароны РФ.

Асаблівая ўвага будзе нададзена пад’ёму па трывозе і выхаду аддзелаў базы ў вызначаныя раёны, з далейшым выкананьнем вучэбна-баявых задачаў на высакагорных палігонах Камхуд і Алагяз, адзначаецца ў прэс-рэлізе МА РФ.

Відэаназіраньне за войскамі, паднятымі па трывозе, будзе ў рэжыме рэальнага часу ажыцьцяўляць аддзел бесьпілётных лётных апаратаў з дапамогай сучаснага комплексу «Наводчык-2», дадае ведамства.

Прычыны раптоўнай праверкі боегатоўнасьці расейскіх вайскоўцаў у Армэніі міністэрства абароны Расеі не паведамляе.

Праверка адбываецца пасьля піку масавых сацыяльных пратэстаў у сталіцы Армэніі.

У апошні час з вайскоўцамі 102-й базы ў Гюмры здарыўся шэраг інцыдэнтаў.

Салдата з гэтай базы — Валера Пермякова — вінавацяць у расстрэле армянскай сям’і ў Гюмры 12 студзеня гэтага году. Пасьля таго, як гэты выпадак стаў здабыткам грамадзкасьці, пачаліся масавыя пратэсты з патрабаваньнем справядлівага пакараньня, якія перарасьлі ў беспарадкі. Пермякову пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

8 сакавіка ў Гюмры быў знойдзены павешаным зьніклы 21 лютага вайсковец Артур Афян. Ён быў грамадзянінам Армэніі і служыў у памежных войсках Расеі кантрактнікам на расейскай вайсковай базе ў Гюмры. Яго знайшлі ў пятлі на заднім двары адной зь мясцовых крамаў. Ці быў ён забіты або павесіўся сам, разьбіраецца сьледзтва.

А раніцай 15 чэрвеня ў Гюмры каля мэмарыяльнага комплексу «Маці Арменія» было знойдзена цела салдата Івана Новікава, які праходзіў службу на тэрыторыі 102-й вайсковай базы РФ. Як паведамлялі СМІ, на целе вайскоўца былі выяўленыя колата-рэзаныя і агнястрэльныя раненьні.

Сёлета, як і летась, раптоўныя праверкі і маштабныя вучэньні расейскіх войскаў адбываліся рэгулярна як на тэрыторыі Расеі, гэтак і за яе межамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG