Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФОТАФАКТ: Янка Купала з дэлегацыяй пісьменьнікаў на «Беламорканале»


Янка Купала разам зь іншымі ўдзельнікамі дэлегацыі. Фота: Невядомы аўтар / ГУ «Национальный архив Республики Карелия», Петрозаводск

Янка Купала разам зь іншымі ўдзельнікамі дэлегацыі. Фота: Невядомы аўтар / ГУ «Национальный архив Республики Карелия», Петрозаводск

На сайце meduza.io публікуецца артыкул, прысьвечаны Беламорска-Балтыйскаму каналу. У артыкуле сярод іншага гаворыцца і пра візыт савецкіх пісьменьнікаў у 1933 годзе. Прыкладаецца фотаздымак з архіву Рэспублікі Карэліі, на якім, як мяркуецца, прысутнічае і Янка Купала.

Паездка на «Беламорканал» сапраўды адбылася ў 1933 годзе, Янка Купала і Якуб Колас бралі у ёй удзел. Савецкі літаратар Аляксандар Аўдзеенка ў мэмуарнай аповесьці «Адлучэньне» апісаў гэтую гістарычную паездку, арганізаваную чэкістамі для 120 пісьменьнікаў. Паводле яго словаў, экскурсія па адной з будоўляў ГУЛАГу працягвалася тыдзень.

Акрамя Купалы з Коласам, былі там і Ільф зь Пятровым, князь Сьвятаполк-Мірскі, Аляксей Талстой, зь беларусаў — Міхась Лынькоў.

У сваіх успамінах Лынькоў узгадвае, што падчас паездкі Купала доўга размаўляў з рабочымі, а потым маўчаў усю дарогу: «Убачанае, перажытае было настолькі грандыёзным — і ў збудаваньні, і асабліва ў выключнай незвычайнасьці чалавечых лёсаў, што лішняе слова перашкаджала глыбокаму роздуму».

Беламорска-Балтыйскі канал (скарочана Беламорканал, ББК, да 1961 г. — Беламорска-Балтыйскі канал імя Сталіна) — канал, які злучае Белае мора з Анескім возерам і які мае выхад у Балтыйскае мора і да Волга-Балтыйскага воднага шляху.

Пабудаваны паміж 1931 і 1933 гадамі ў рэкордна кароткі тэрмін. Адкрыты 2 жніўня 1933 г.. У будаўніцтве ўдзельнічалі зьняволеныя ГУЛАГу. Гэта было першае ў СССР лягернае будаўніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG