Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары бягуць з акупаваных тэрыторыяў Данбасу


На падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей ня ўсе маюць доступ да мэдычнай дапамогі.

«Вось ужо пяць месяцаў мінула з той пары, як сэпаратысты ўзялі ўладу ў Дэбальцаве і Вуглягорску, але зруйнаваныя абстрэламі шпіталі там ніхто не аднаўляе, — распавядае праваабаронца Павал Лісянскі, які разам з калегамі вядзе маніторынг шпіталяў на лініі сутыку ў Данбасе. — Найбольш прыкрая сытуацыя, безумоўна, на той тэрыторыі. Бальніцы ніхто не рамантуе. Людзі засталіся без кваліфікаванай мэдычнай дапамогі».

Усходняя праваабарончая група, заснаваная Паўлам Лісянскім, спраўдзіла стан больш як 30 мэдычных установаў на ўкраінскай і падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыях па просьбе нямецкай арганізацыі «Кап Анамур» — дзеля таго каб абраць некалькі шпіталяў, зруйнаваных падчас баявых дзеяньняў, і перадаць ім фінансавую ды гуманітарную дапамогу. «Кап Анамур» працавала ў шмат якіх гарачых кропках: Косаве, Сьера-Леонэ, Мазамбіку, Судане, Аўганістане і Чачэніі. Па выніках маніторынгу пакуль вырашылі адбудаваць Сьветладарскі шпіталь, што за 15 кілямэтраў ад гораду Дэбальцава, занятага нядаўна сэпаратыстамі.

У найбольш гаротным стане апынуліся ўстановы на тэрыторыях самаабвешчаных ДНР і ЛНР, хоць, паводле словаў Паўла Лісянскага, далёка ня ў кожным горадзе Данбасу віталі памкненьні праваабаронцаў аказаць дапамогу:

— Асобныя лекары рады, што ёсьць магчымасьць атрымаць дадатковыя мэдыкамэнты, бо гуманітарныя грузы, напрыклад, у Дэбальцава даходзяць у вельмі абмежаваным аб’ёме. Да сэпаратысцкіх уладаў мы не зьвярталіся. Не выключаю, яны маглі б не пагадзіцца на нашу прапанову. Хаця, калі браць глыбей у тыл сэпаратыстаў... Напрыклад, у бальніцы горада Красны Луч катэгарычна адмовіліся супрацоўнічаць. Як толькі чуюць «Нямеччына, Эўразьвяз», адказваюць: «Ня трэба нам вашай дапамогі, нам Расея дапаможа, усё нармальна». І ў іншых гарадах мы траплялі на такіх кіраўнікоў бальніцаў, якія нават не пытаюцца, чым мы можам дапамагчы. Адразу кажуць: «Да сустрэчы». У Луганску ў абласной бальніцы нашаму прадстаўніку пачалі пагражаць, што выклічуць камэндатуру. Ён ледзьве ўцёк адтуль.

У Луганску ў абласной бальніцы нашаму прадстаўніку пачалі пагражаць, што выклічуць камэндатуру. Ён ледзьве ўцёк адтуль

Дзіўна, што некаторыя мэдычныя работнікі ня думаюць пра людзей, а абараняюць найперш свае палітычныя амбіцыі. Чалавеку падабаецца, напрыклад, Жырыноўскі, — і ўсё, і не патрэбна дапамога. Хоць лекаў няма і атрымаць мэдычную дапамогу людзі ня могуць. Заробкі лекарам на падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі плацяць нерэгулярна, лекары адтуль уцякаюць — пераводзяцца на ўкраінскую тэрыторыю. Калі гаворка вядзецца пра чалавека з высокай кваліфікацыяй, які хоча, каб у яго быў мэдычны стаж, мэдычная практыка, які хоча жыць у прававой дзяржаве, — вядома, ён пераяжджае на тэрыторыю пад кантролем кіеўскага ўраду. Застаюцца нейкія ідэйныя дактары, альбо нехта ня можа выехаць зь нейкіх сваіх прычынаў — грошаў няма ці яшчэ нешта. Таму, бясспрэчна, сытуацыя з кваліфікаванай мэдычнай дапамогай там вастрэйшая.

У нас валянтэры могуць прыехаць, дапамагчы. Вось у Шчасьцінскай бальніцы ўсе вокны валянтэры паўстаўлялі. Мы едзем у Дэбальцава, Вуглягорск — там ніхто нічога не ўстаўляе. Хоць мы чуем па тэлеканалах, як Расея дапамагае, гумканвоі і гэтак далей, але дзьве бальніцы стаяць зруйнаваныя. А ў цэлых будынках бальніцаў жывуць бацькі з малымі дзецьмі, бо засталіся бяз даху над галавой. Украіна — прававая дзяржава, і праз праваабарончыя арганізацыі можна дагрукацца да ўраду, а там да каго зьвяртацца?

Разбураны шпіталь у Вяглягорску

Разбураны шпіталь у Вяглягорску

— Паколькі маніторынг бальніцаў праводзіўся паабапал фронту, ці былі ў вас праблемы зь перасячэньнем лініі сутыку? Ці ёсьць у вас супрацоўнікі, якія працуюць толькі на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам?

— Мы ўсё аформілі адпаведна з заканадаўствам, у нашых супрацоўнікаў ёсьць пропускі. На падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі мы, натуральна, не афішуем, што вядзём маніторынг. Звычайна мы робім гэта на выходных, бо ў той час колькасьць праверак зьмяншаецца ў нас і ніякіх праблемаў зь перасячэньнем лініі сутыку не паўстае. Хаця, здараецца, нашы супрацоўнікі заяжджаюць з тэрыторыі Ўкраіны, а выяжджаюць праз тэрыторыю Расеі. Так часам бывае больш бясьпечна. Нашы супрацоўнікі пераважна маюць прапіску ў Луганскай і Данецкай абласьцях, і калі яны едуць на тую тэрыторыю і ў іх спраўджваюць пашпарты, натуральна, пытаньняў няма. Толькі аднойчы наш супрацоўнік быў арыштаваны камэндатурай горада Тарэз, калі рабіў здымкі бальніцы. Яго ўдалося выкупіць. Прыехалі бацькі і дамовіліся, каб яго вызвалілі. Яму забаранілі пакідаць межы «рэспублікі», каб мець магчымасьць выклікаць яго на допыт, але яму ўдалося ўцячы праз Расею.

— Да пачатку ваенных дзеяньняў у вас было некалькі прадстаўніцтваў у розных гарадах. Якім чынам цяпер аказваецца дапамога жыхарам Данбасу?

— Калі Дэбальцава было тэрыторыяй Украіны, у нас былі тры прыёмныя — у Дэбальцаве, Вуглягорску і Сьветладарску. Туды зьвярталіся людзі, мы ім дапамагалі: займаліся эвакуацыяй, прававымі кансультацыямі. Улетку мы актыўна бралі ўдзел у раздачы гуманітарнай дапамогі. Цяпер у нас ёсьць офіс у Лісічанску, у Луганскай вобласьці, і ў асноўным гаворка вядзецца пра бясплатнае юрыдычнае кансультаваньне, суправаджэньне ў судах, дапамогу ўнутраным перасяленцам, часам нам удаецца дапамагчы ім з працаўладкаваньнем.

— Найбольшая колькасьць перасяленцаў прыпала на асноўную фазу баявых дзеяньняў — мінулым летам і восеньню, сёлетняй зімой. Цяпер колькасьць перасяленцаў павялічваецца ці зьмяншаецца?

— Бягуць. З тых тэрыторыяў бягуць. Разумеюць, што мінула больш за год, а канца-краю ня бачна. Шмат у каго скончыліся фінансавыя запасы, якія дазвалялі там жыць. Паток зь лютага гэтага году павялічыўся. Як правіла, прыяжджаюць і просяць дапамогі з працаўладкаваньнем. Часам просяць дапамагчы зь пераафармленьнем пэнсіі.

— Пэнсіянэры, відаць, самыя актыўныя ўдзельнікі гэтай міграцыі, бо паводле цяперашніх законаў мусяць рэгістравацца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, каб атрымліваць дзяржаўныя выплаты. Сэпаратысты заяўляюць, што таксама пачалі выплачваць пэнсіі. Выходзіць, цяпер пэнсіянэры могуць атрымліваць грошы і там, і там?

— Такія выпадкі, вядома ж, ёсьць. Сэпаратысты афармлялі пэнсіі ўсім і выкарыстоўвалі сьпісы 2014 году. І тых, хто атрымлівае грошы і там, і там — адсоткаў 40. Гэта не сакрэт. Але ці можна называць гэта выплатай пэнсіяў? Гаворка фактычна вядзецца пра непрызнаныя рэспублікі, і калі туды завозяць грошы, іх проста бяруць і раздаюць. Юрыдычнага абгрунтаваньня, што ў «ДНР» ці «ЛНР» выдаюць пэнсіі, няма ніякага. У людзей там цяпер няма працы, няма даходу, і яны проста бяруць тыя грошы і на іх жывуць. Яны пачалі яшчэ і псыхалягічна падстройвацца — кажуць, што «гэта спагнаньне маральнай шкоды за тое, што тут нарабіла Расея». Так і кажуць, — апавядае Павал Лісянскі.

Арыгінал публікацыі на сайце расейскай службы нашага радыё.

XS
SM
MD
LG