Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша Ніва» апублікавала «Страшныя лічбы русіфікацыі: з 2010 году колькасьць белмоўных вучняў зьменшылася на 43 тысячы, белмоўнае студэнцтва практычна ліквідаванае».

Выглядае, што ў сваім пасьлядоўным змаганьні зь беларускай мовай першы прэзыдэнт мову перамог. Новае пакаленьне беларусаў, сёньняшнія дашкольнікі, яе проста не разумеюць. Камунікацыя ў прынцыпе немагчымая.

Сацыяльная роля беларускай мовы зьведзеная да нуля. Таму білборды «Смак роднае мовы. Ажыны – ежевика» на вуліцах Менску, абвесткі на вакзалах і ў транспарце, рэдкія тэле- і радыёперадачы ня маюць ніякага функцыянальнага працягу ў галовах беларусаў.

Яшчэ два дзясяткі гадоў і раней роля мовы ў соцыюме трымалася на вакацыях у вёсцы, у бабулі. Да восені вёска вяртала ў горад беларускамоўных дзяцей, якія за зіму станавіліся рускамоўнымі, але надыходзіла чарговае лета і яны зноў набіраліся беларушчыны. Пасіўна валодалі беларускай мовай усе жыхары краіны. Традыцыйна і «по умолчанию» беларускую мову называлі роднай. Але гэтае базы больш няма. Увогуле.

Аптымістычная прыдумка беларускіх інтэлектуалаў, якія загаварылі былі пра білінгвістычную нацыю (кожны беларус так ці йнакш разумее беларускую мову), страчвае грунт. Паразумецца ўсё часьцей немагчыма. І ня толькі з дашкольнікамі, але і зь іх бацькамі, якія самі вырасьлі «пры Лукашэнку».

Нечага падобнага страшыўся калісьці Ўладзімер Караткевіч:

Ёсьць паданьне вякоў, што разбурыць калісь

Бабілёнскую Вежу Адам

І няўмольна сальюцца мовы зямлі

У адну, няродную нам.

І мая безвыходна пойдзе ў змрок,

У атрутны, як вечнасьць, цень,

Трапяткая і сіняя, як васілёк,

Гарачая, як прамень.

Я ні шчасьця, ні будучых дзён не жадзён,

Хай пятля, хай памерці ў журбе,

Хай ня будзе ні шчасьця, ні будучых дзён,

Калі ў іх ня будзе цябе.

Сірата па зьедлівай волі багоў,

Гінучы мой карабель,

Хай ня будзе сьвітаньня ў народа майго,

Калі досьвіткам здрадзіць табе.

Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,

Збочу я да пякельных катлоў,

Калі першы ж анёл на мове маёй

Мне ня скажа: «Братка, здароў».

І няхай да мяне ня прыйдзе вясна,

Песьня, шчасьце, каханьне, спакой, —

Ўсё адно не зьмяняю твой чорны праснак

На атруту пшаніцы чужой.

Ты мой ясны хлеб і каханы май,

Песьня продкаў, нашчадкаў палі,

Безь цябе, не з табой — не патрэбен мне рай

На душы. Ў небясі. На зямлі.

Якраз «рай» бяз роднае мовы і збудаваў у Беларусі першы прэзыдэнт. «Рай», перавагу над якім Караткевіч аддаў пеклу.

Я ня раз быў сьведкам, як людзі, чытаючы ці чуючы гэты верш, плакалі. Дый сам, чаго хаваць, плакаў таксама.

Няма, як бы мы гэтага ні жадалі, білінгвістычнае нацыі ў Беларусі. Менавіта таму, што сацыяльная роля беларушчыны зьведзеная да нуля.

Марна казаць пра здраду народа, бо няўзброеным вокам відаць той складаны мэханізм, з дапамогай якога першы прэзыдэнт утрымлівае гэтую ролю на нулі. Гэта па-свойму няпростая і нялёгкая штодзённая работа з каласальнымі дзяржаўнымі інвэстыцыямі ў яе.

У самагубства беларускае мовы можа паверыць толькі наіўны прастак, які ня бачыць таго мэханізму і вынікаў яго працы ў сфэрах адукацыі, культуры, СМІ, установаў улады і візуальнай інфраструктуры.

Зламаць мэханізм русіфікацыі сёньня няма як, каму і чым. Гэты мэханізм – галоўнае апірышча аўтарытарнае ўлады, а хоць нейкіх парасткаў супраціву ў Беларусі няма.

Мова сама падказвае нам шляхі нашага ратаваньня. Яе сацыяльную ролю можа замяніць і паступова заменіць мода.

Мода ня лічыцца з патрабаваньнямі соцыюму, у яе іншая прырода. Мода не супрацьстаіць мэханізму русіфікацыі, але яна разрастаецца ў той глебе, на якой мэханізм стаіць.

Мода пакуль выяўляецца ў адроджаных народных сьвятах і фэстах, у дзіцячых кніжках, у моўных курсах. Пакуль усё гэта – асобныя ініцыятывы. Рана ці позна ўсё гэта пашырыцца настолькі, што модна будзе гаварыць па-беларуску ў сям’і. І калі гэта будуць ня сем’і саміх інсьпіратараў, а ўвогуле сем’і людзей, у тым ліку прафэсійна далёкіх ад філялёгіі і ўвогуле гуманістыкі, мова сама верне сабе сацыяльную ролю. Бо што б ні казалі яе праціўнікі або нязнайкі або клікушы, мова – жывая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG