Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньне Надзеі Саўчанкі зьмянілі на больш жорсткае


Сьледчы камітэт Расеі перакваліфікаваў абвінавачаньне Надзеі Саўчанкі на больш цяжкое.

Калі раней украінскую лётчыцу абвінавачвалі ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў у Данбасе летам 2014-га, то цяпер ёй ставіцца ў віну наўпрост забойства, паведамляе «Інтэрфакс». Пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае пажыцьцёвы тэрмін.

Адвакаты Саўчанкі пракамэнтавалі рашэньне Сьледчага камітэту. Ільля Новікаў адзначыў, што ў сьледзтва памянялася канцэпцыя, аднак фабула абвінавачаньня і закіды грамадзянцы Ўкраіны засталіся ранейшымі. Паводле іншага абаронцы Мікалая Полазава, Саўчанку лічаць непасрэдным удзельнікам забойства, «гэта значыць, яна сама вызначала, каго забіваць і як, мела дачыненьне да артылерыйскіх гарматаў», патлумачыў адвакат.

6 ліпеня прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі паведаміў, што расьсьледаваньне ў дачыненьні да Саўчанкі завершана, справа накіравана ў пракуратуру для пацьвярджэньня абвінавачаньня.

Паводле вэрсіі расейскага сьледзтва, летам 2014 году пад Луганскам у выніку абстрэлу па перададзеных Саўчанкай каардынатах загінулі расейскія журналісты Ігар Карнялюк і Антон Валошын. Пасьля гэтага Саўчанка пад выглядам уцякачкі перасекла мяжу з Расеяй.

Надзея Саўчанка віну адмаўляе, заяўляючы, што з тэрыторыі Ўкраіны яе вывезьлі сілком. За час свайго зьняволеньня зь ліпеня летась яна двойчы аб’яўляла галадоўку. Па ўсім сьвеце праходзяць акцыі і кампаніі з патрабаваньнем вызваліць грамадзянку Ўкраіны.

XS
SM
MD
LG