Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскім парлямэнце адкрываецца выстава, прысьвечаная беларускім дэпутатам Другой Рэчы Паспалітай


У Сэйме Польшчы адкрылася выстава «Прадстаўнікі беларускай меньшасьці у польскім парлямэнце II Рэчыпаспалітай». Пра выставу распавёў Свабодзе кіраўніка «Беларускага дому ў Варшаве» Алесь Зарамбюк. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Зарамбюк: Арганізатар гэтай выставы — «Беларускі дом у Варшаве». Мы робім гэта ў супрацы са старшынём камісіі па міжнародных справах польскага парлямэнту Робэртам Тышкевічам. Выстава адбываецца ў польскім Сэйме і прысьвечаная дэпутатам і сэнатарам — прадстаўнікам беларускай меншасьці, якія былі абраныя ў гэтыя органы ўлады Другой Рэчы Паспалітай.

РС: А гэта былі менавіта прадстаўнікі беларускай меншасьці ў РП ці этнічныя беларусы, якія прадстаўлялі, магчыма, іншыя тагачасныя польскія партыі?

Зарамбюк: Не, гэта былі этнічныя беларусы, якія да таго ж былі абраныя на тых тэрыторыях, дзе пражывала беларуская меншасьць. На выставе мы паказваем гэта на мапах.

РС: І колькі за ўвесь час Рэчы Паспалітай было такіх дэпутатаў і сэнатараў?

Зарамбюк: Калі 30 асобаў. Мы ў рамках выставы распавядаем пра 11 зь іх.

РС: Назавіце, калі ласка, самыя выбітныя постаці зь іх?

Зарамбюк: Напэўна, адна з самых выбітных постацяў — гэта Браніслаў Тарашкевіч, укладальнік першай беларускай граматыкі. Другая, ня менш значная постаць — гэта Адам Станкевіч, заснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Таксама неабходна ўзгадаць Шымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына і шэраг іншых прадстаўнікоў беларускага народу, якія былі абраныя ў польскі парлямэнт.

РС: А ці ёсьць такія дэпутаты і сэнатары зараз — прадстаўнікі беларускай меншасьці ў Польшчы?

Зарамбюк: Ад «Грамадзянскай плятформы» — кіроўнай партыі — ёсьць дэпутат Аляксандар Сосна, ён лічыцца прадстаўніком беларускай меншасьці ў парлямэнце. Ён праваслаўны. У Польшчы беларус і праваслаўны — паняцьці вельмі блізкія. Ёсьць яшчэ дэпутат Яўген Чыквін, ён прадстаўнік Саюзу левых дэмакратаў і ён таксама абраны ад акругі, дзе жыве шмат прадстаўнікоў беларускай меншасьці.

Згодна з апошнім перапісам гэта 50 тысячаў этнічных беларусаў, якія спрадвеку жылі на тэрыторыі Польшчы. Гэтых двух палітыкаў можна назваць прадстаўнікамі беларускай меншасьці ў сучасным польскім парлямэнце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG