Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: Узмацніўся ціск на палітвязьняў і журналістаў замежных СМІ


Цягам чэрвеня гэтага году пазытыўных зьменаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі не назіралася. Асаблівую занепакоенасьць як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый выклікала сытуацыя, якая склалася з палітвязьнямі.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, хаця новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы ў чэрвені не распачыналіся, у турмах застаюцца шасьцёра палітвязьняў: Мікалай Статкевіч, Юры Рубцоў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч.

Асаблівую занепакоенасьць праваабарончых арганізацый выклікае «ўзмацненьне ціску на палітвязьняў у месцах пазбаўленьня волі», адзначаецца ў справаздачы. А закон аб амністыі ў сувязі з 70-годзьдзем перамогі не закрануў ніводнага палітзьняволенага.

Праваабаронцы адзначаюць узмацненьне ціску на незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, што для некаторых зь іх зьяўляецца фактычна забаронай на прафэсійную дзейнасьць.

У чэрвені праваабаронцы таксама зафіксавалі факты прыцягненьня грамадзян да адміністрацыйнай адказнасьці, у тым ліку ў выглядзе арыштаў, у сувязі з рэалізацыяй імі права на мірныя сходы і выказваньне меркаваньняў.

Як і ў папярэднія месяцы, адзначаецца ў справаздачы, у чэрвені мясцовыя выканаўчыя органы ўлады працягвалі практыку адмоваў грамадзянам у правядзеньні масавых мерапрыемстваў, а спробы абскарджваньня гэтых рашэньняў у судовым парадку былі беспасьпяховымі.

XS
SM
MD
LG